ПАСЛАНЬНЕ ДА ГАЛЯТАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА  
 Гал 1
 1  Павал, апостал не ад людзей і не праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых, 
 2  і ўсе браты, што са мною, — цэрквам Галятыі: 
 3  ласка вам і супакой ад Бога Айца і ад Госпада нашага Ісуса Хрыста, 
 4  Які аддаў Сябе за грахі нашыя, каб вырваць нас з цяперашняга веку злога паводле волі Бога і Айца нашага, 
 5  Якому слава на вякі вякоў. Амэн. 
 6  Дзіўлюся, што вы гэтак хутка перакінуліся ад Таго, Які паклікаў вас да ласкі Хрыста, да іншага дабравесьця, 
 7  якое ня ёсьць іншае, а толькі ёсьць некаторыя, якія вас трывожаць і хочуць перамяніць Эвангельле Хрыстовае. 
 8  Але калі нават мы ці анёл з неба будзе дабравесьціць вам насуперак таму, што мы дабравесьцілі вам, няхай будзе адлучаны! 
 9  Як раней мы сказалі, і цяпер ізноў кажу: калі хто дабравесьціць вам насуперак таму, што вы прынялі, няхай будзе адлучаны! 
 10  Бо ці ж я на людзей спадзяюся, ці на Бога? Ці шукаю, каб спадабацца людзям? Бо калі б я яшчэ людзям дагаджаў, дык ня быў бы слугою Хрыста. 
 11  Паведамляю ж вам, браты, што Эвангельле, якое я дабравесьціў, ня ёсьць ад чалавека; 
 12  бо я не праз чалавека прыняў яго і быў навучаны, але праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста. 
 13  Бо вы чулі пра мой ранейшы лад жыцьця ў Юдэйстве, што я бяз меры перасьледаваў Царкву Божую і нішчыў яе, 
 14  і апярэджваў у Юдэйстве многіх аднагодкаў у родзе маім, будучы найбольшым рупліўцам традыцыяў бацькоў маіх. 
 15  Калі ж спадабалася Богу, Які аддзяліў мяне ад улоньня маці маёй і паклікаў ласкай Сваёй, 
 16  адкрыць у-ва мне Сына Свайго, каб я дабравесьціў Яго сярод паганаў, я адразу не зьвярнуўся да цела і крыві 
 17  і не ўзыйшоў у Ерусалім да апосталаў, якія былі раней за мяне, але пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск. 
 18  Пасьля, праз тры гады, я ўзыйшоў у Ерусалім пабачыцца з Пятром і быў у яго пятнаццаць дзён. 
 19  А з іншых апосталаў я ня бачыў нікога, акрамя Якуба, брата Госпадавага. 
 20  А што пішу вам, вось, перад Богам [сьведчу], што не хлушу. 
 21  Пасьля я пайшоў у краіны Сірыі і Кілікіі. 
 22  А з аблічча я быў невядомы цэрквам Юдэі, што ў Хрысьце, 
 23  а толькі чулі яны, што той, які некалі перасьледаваў іх, цяпер дабравесьціць веру, якую раней нішчыў, 
 24  і славілі за мяне Бога.