ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІТА АПОСТАЛА ПАЎЛА  
 Ціт 1
 1  Павал, слуга Божы, апостал жа Ісуса Хрыста, паводле веры выбраных Божых і пазнаньня праўды паводле пабожнасьці, 
 2  у надзеі жыцьця вечнага, якое абяцаў Бог, Які не падманвае, перад адвечнымі часамі, 
 3  а ў свой час зьявіў слова Сваё ў пропаведзі, якое было даверана мне паводле загаду Збаўцы нашага, Бога, — 
 4  Ціту, шчыраму дзіцяці ў супольнай веры: ласка, літасьць, супакой ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага. 
 5  Я пакінуў цябе ў Крыце дзеля таго, каб ты ўпарадкаваў, дзе чаго не хапае, і паставіў у гарадах старостаў, як я табе загадаў: 
 6  калі хто бездакорны, муж аднае жонкі, дзяцей мае верных, якіх не абвінавачваюць за распусту або непакорлівасьць. 
 7  Бо епіскап мусіць быць бездакорны, як Божы аканом, не самалюбны, не гняўлівы, ня п’яніца, не задзірлівы, ня сквапны, 
 8  але гасьцінны, дабралюбны, цьвярозы, праведны, багабойны, паўстрымлівы, 
 9  які трымаецца вернага слова згодна з вучэньнем, каб мог і настаўляць у здаровай навуцы, і дакараць тых, якія працівяцца. 
 10  Бо ёсьць шмат і непакорлівых, і пустаслоўных, і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных, 
 11  якім трэба закрываць вусны; яны цэлыя дамы руйнуюць, навучаючы, чаго ня сьлед, дзеля агіднага набытку. 
 12  Сказаў нехта з іх, уласны іхні прарок: «Крыцяне заўсёды хлусяць, зьвяры ліхія, жываты гультайскія». 
 13  Сьведчаньне гэтае праўдзівае. Дзеля гэтае прычыны дакарай іх сувора, каб былі здаровыя ў веры, 
 14  не зважаючы на юдэйскія байкі і прыказаньні людзей, якія адварочваюцца ад праўды. 
 15  Для чыстых усё чыста, а для апаганеных і бязьверных няма нічога чыстага, але апаганены і розум іхні, і сумленьне. 
 16  Яны кажуць, што ведаюць Бога, а ўчынкамі адракаюцца, [яны —] брыдотныя і непакорныя, і на ўсякую добрую справу няздольныя.