Мц 26
 1  І сталася, калі Ісус скончыў усе гэтыя словы, сказаў вучням Сваім: 
 2  «Вы ведаеце, што праз два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаваньне». 
 3  Тады сабраліся першасьвятары, і кніжнікі, і старшыні народу на падворак першасьвятара на імя Каяфа. 
 4  І радзіліся яны, каб узяць Ісуса подступам і забіць. 
 5  Але казалі: «Ня ў сьвята, каб ня сталася замяшаньня ў народзе». 
 6  А Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага. 
 7  Падыйшла да Яго жанчына, якая мела алябастравы збанок міра шматкаштоўнага, і выліла на галаву Ягоную, калі Ён узьлягаў. 
 8  Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя абурыліся, кажучы: «Навошта гэткае марнаваньне? 
 9  Бо можна было добра прадаць гэтае міра і раздаць убогім». 
 10  А Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: «Што робіце прыкрасьць жанчыне? Бо яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне. 
 11  Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды маеце. 
 12  Бо выліўшы міра гэтае на цела Маё, яна ўчыніла гэта на пахаваньне Маё. 
 13  Сапраўды кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае ва ўсім сьвеце, будзе сказана і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе». 
 14  Тады пайшоў адзін з Дванаццаці, называны Юда Іскарыёт, да першасьвятароў. 
 15  Ён сказаў: «Што хочаце мне даць, і я вам выдам Яго?» А яны паставілі яму трыццаць срэбнікаў. 
 16  І з таго часу ён шукаў нагоды, каб выдаць Яго. 
 17  А ў першы дзень Праснакоў падыйшлі вучні да Ісуса, кажучы Яму: «Дзе хочаш падрыхтаваць Табе есьці Пасху?» 
 18  Ён жа сказаў: «Ідзіце ў горад да такога і такога і скажыце яму: “Настаўнік гаворыць: 'Час Мой блізкі; у цябе ўчыню Пасху з вучнямі Маімі'”». 
 19  І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус; і падрыхтавалі Пасху. 
 20  А калі настаў вечар, Ён узьлёг з Дванаццацьцю. 
 21  І, калі яны елі, Ён сказаў: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне». 
 22  І, надта засмуціўшыся, яны пачалі гаварыць Яму, кожны з іх: «Ці ня я, Госпадзе?» 
 23  Ён жа, адказваючы, сказаў: «Той, які мачае са Мною руку ў місе, гэты выдасьць Мяне. 
 24  Сапраўды, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца; лепш было б яму, каб ня быў нарадзіўшыся чалавек гэты». 
 25  Адказваючы, Юда, які выдаў Яго, сказаў: «Ці ня я, Раббі?» Кажа яму: «Ты сказаў». 
 26  Калі ж яны елі, Ісус узяў хлеб, і, дабраславіўшы, паламаў, і даў вучням, і сказаў: «Бярыце, ешце; гэта ёсьць Цела Маё». 
 27  І, узяўшы келіх і падзякаваўшы, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе, 
 28  бо гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх дзеля адпушчэньня грахоў. 
 29  Кажу ж вам, што адгэтуль ня буду піць ад гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду яго піць з вамі новае ў Валадарстве Айца Майго». 
 30  І, засьпяваўшы, яны пайшлі на гару Аліўную. 
 31  Тады кажа ім Ісус: «Усе вы згоршыцеся дзеля Мяне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастуха, і будуць расьцярушаныя авечкі статку”. 
 32  Але пасьля ўваскрасеньня Майго прыйду перад вамі ў Галілею». 
 33  Адказваючы, Пётар сказаў Яму: «Калі і ўсе згоршацца дзеля Цябе, я ніколі ня згоршуся». 
 34  Сказаў яму Ісус: «Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне». 
 35  Кажа Яму Пётар: «Калі б мусіў і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Таксама гаварылі і ўсе вучні. 
 36  Тады ідзе з імі Ісус у месца, званае Гетсэманія, і кажа вучням: «Пасядзіце тут, пакуль Я, адыйшоўшы, памалюся там». 
 37  І, узяўшы Пятра і абодвух сыноў Зэбэдэя, пачаў тужыць і сумаваць. 
 38  Тады кажа ім: «Смутная душа Мая аж да сьмерці, застаньцеся тут і чувайце са Мною». 
 39  І, адыйшоўшыся трохі, упаў на аблічча Сваё, молячыся і кажучы: «Ойча Мой! Калі магчыма, няхай абміне Мяне келіх гэты; аднак не як Я хачу, але як Ты». 
 40  І прыходзіць да вучняў, і знаходзіць іх у сьне, і кажа Пятру: «Гэтак не маглі вы і аднае гадзіны чуваць са Мною? 
 41  Чувайце і маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу. Сапраўды, дух ахвочы, а цела кволае». 
 42  Ізноў, другі раз адыйшоўшы, маліўся, кажучы: «Ойча Мой! Калі ня можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яго, няхай станецца воля Твая!» 
 43  І, прыйшоўшы, знаходзіць іх ізноў у сьне; бо вочы іхнія абцяжэлі. 
 44  І, пакінуўшы іх, адыйшоўшы, маліўся трэці раз, кажучы тое самае слова. 
 45  Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: «Сьпіцё яшчэ і адпачываеце? Вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў. 
 46  Уставайце, хадзем! Вось, наблізіўся той, хто Мяне выдае». 
 47  І калі Ён яшчэ гаварыў, вось, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, і з ім шматлікі натоўп з мячамі і каламі ад першасьвятароў і старшыняў народу. 
 48  А той, што выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён; бярыце Яго». 
 49  І адразу, падыйшоўшы да Ісуса, сказаў: «Радуйся, Раббі!», і пацалаваў Яго. 
 50  А Ісус сказаў яму: «Дружа, дзеля чаго ты прыйшоў?» Тады тыя, што прыйшлі, усклалі рукі на Ісуса і ўзялі Яго. 
 51  І вось, адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы руку, выхапіў меч свой і, ударыўшы слугу першасьвятара, адсек яму вуха. 
 52  Тады кажа яму Ісус: «Вярні меч твой на месца ягонае; бо ўсе, што ўзялі меч, ад мяча загінуць. 
 53  Ці ты думаеш, што Я ня маю сілы цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён паставіць побач Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў? 
 54  Як жа споўніцца Пісаньне, што гэта мусіць стацца?» 
 55  У тую гадзіну сказаў Ісус натоўпу: «Быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі схапіць Мяне. Кожны дзень сядзеў Я з вамі, навучаючы ў сьвятыні, і вы не хапалі Мяне. 
 56  А гэта ўсё сталася, каб споўніліся Пісаньні прарокаў». Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі. 
 57  А тыя, што схапілі Ісуса, завялі [Яго] да першасьвятара Каяфы, дзе былі сабраныя кніжнікі і старшыні. 
 58  Пётар жа ішоў за Ім здалёк аж да падворку першасьвятара; і, увайшоўшы ў сярэдзіну, сеў з паслугачамі, каб бачыць канец. 
 59  А першасьвятары і старшыні, і ўвесь сынэдрыён шукалі фальшывага сьведчаньня супраць Ісуса, каб забіць Яго. 
 60  І не знаходзілі; і многія фальшывыя сьведкі, што прыходзілі, не знайшлі. Нарэшце, два фальшывыя сьведкі, якія прыйшлі, 
 61  сказалі: «Ён прамаўляў: “Магу зруйнаваць бажніцу Божую і ў тры дні збудаваць яе”». 
 62  І, устаўшы, першасьвятар сказаў Яму: «Ты нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сьведчаць?» 
 63  А Ісус маўчаў. І, адказваючы, першасьвятар сказаў Яму: «Заклінаю Цябе Богам жывым, каб Ты сказаў нам, ці Ты — Хрыстос, Сын Божы?» 
 64  Кажа яму Ісус: «Ты сказаў. Да таго кажу вам: адгэтуль угледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Моцы і ідзе на аблоках нябесных». 
 65  Тады першасьвятар разьдзёр шаты свае, кажучы: «Ён блюзьніць! Якую яшчэ маем патрэбу ў сьведках? Вось, цяпер вы пачулі блюзьнерства Ягонае. 
 66  Што вы думаеце?» Яны ж, адказваючы, сказалі: «Ён варты сьмерці». 
 67  Тады плявалі Яму ў аблічча і білі Яго; а іншыя білі Яго па шчоках, 
 68  кажучы: «Праракуй нам, Хрыстос, хто ўдарыў Цябе?» 
 69  А Пётар сядзеў звонку, на падворку, і падыйшла да яго адна служка, кажучы: «І ты быў з Ісусам Галілейцам». 
 70  Ён жа адрокся перад усімі, кажучы: «Ня ведаю, што ты кажаш». 
 71  Калі ж ён выходзіў за браму, убачыла яго другая і кажа тым, якія былі там: «І гэты быў з Ісусам з Назарэту». 
 72  І ён ізноў адрокся з прысягаю, што ня ведае Чалавека Гэтага. 
 73  Неўзабаве тыя, што падыйшлі і стаялі там, сказалі Пятру: «Праўда, і ты з іх, бо і гаворка твая выяўляе цябе». 
 74  Тады ён пачаў бажыцца і прысягаць, што ня ведае Чалавека Гэтага. І адразу запяяў певень. 
 75  І ўзгадаў Пётар слова Ісуса, сказанае яму: «Перш, чым певень запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне». І, выйшаўшы вонкі, заплакаў горка.