Пс 7
 1  Лямант Давіда, які засьпяваў ён ГОСПАДУ з прычыны Куша, сына Бэн’яміна. 
 2  ГОСПАДЗЕ, Божа мой! У Табе маю надзею! Збаў мяне ад усіх перасьледвальнікаў маіх і вызваль мяне, 
 3  каб ня ўзяў, быццам леў, душы маёй і не разарваў мяне, калі няма каму ратаваць! 
 4  ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Калі я ўчыніў гэткае, калі ёсьць беззаконьне ў руках маіх, 
 5  калі зло я зрабіў таму, хто жыў са мной мірна, і не ратаваў таго, хто ўціскаў мяне без прычыны, 
 6  тады няхай перасьледуе вораг душу маю і дагоніць, няхай ўтопча ў зямлю жыцьцё маё і славу маю кіне ў пыл! (Сэлях) 
 7  Паўстань, ГОСПАДЗЕ, у гневе Тваім! Узьніміся супраць лютасьці тых, што ўціскаюць мяне! Збудзіся, Божа мой, на суд, які Ты прызначыў! 
 8  І зьбярэцца сход народаў вакол Цябе, і Ты зьвернешся да іх з вышыні. 
 9  ГОСПАДЗЕ, асудзі народы. Судзі мяне, ГОСПАДЗЕ, паводле праведнасьці маёй і паводле беззаганнасьці маёй, што ёсьць у-ва мне! 
 10  Няхай счэзьне ліхота бязбожнікаў, але ўмацуй праведнага, Ты, Які выспрабоўваеш сэрцы і ныркі, Божа Праведны! 
 11  Шчыт мой у Бога, Які збаўляе шчырых сэрцам, 
 12  у Бога, Які судзіць праведнага, і ў Бога, Які гневаецца штодзень [на бязбожніка]. 
 13  Калі той не навернецца, Ён вострыць Свой меч, нацягнуў Свой лук і прыгатаваў, 
 14  і паклаў на яго прылады сьмерці, стрэлы Свае Ён робіць распаленымі. 
 15  Вось, [бязбожнік] зачаў злачынства, і цяжарны ліхоцьцем, і народзіць хлусьню. 
 16  Яму капаў ён і выкапаў, і сам уваліцца ў дол, што зрабіў. 
 17  Ліхоцьце зьвернецца на галаву ягоную, і на цемя ягонае зыйдзе няправасьць ягоная. 
 18  Буду славіць ГОСПАДА паводле праведнасьці Ягонай і выслаўляць імя ГОСПАДА Найвышэйшага.