Пс 24
 1  Псальм Давіда. ГОСПАДАВА зямля і што напаўняе яе, сусьвет і ўсё, што жыве ў ім. 
 2  Бо Ён на моры заснаваў яго, і на рэках угрунтаваў яго. 
 3  Хто ўзыйдзе на гару ГОСПАДАВУ, і хто стане на месцы Ягоным сьвятым? 
 4  Той, у каго рукі бязьвінныя і сэрца чыстае, хто душы сваёй да марноты не схіляе і не прысягае крывадушна, — 
 5  той атрымае дабраслаўленьне ад ГОСПАДА і праведнасьць ад Бога збаўленьня свайго. 
 6  Гэта пакаленьне тых, якія шукаюць Яго, якія шукаюць аблічча Твайго, [Бог] Якуба! (Сэлях) 
 7  Узьніміце, брамы, вярхі вашыя! Узьніміцеся, дзьверы адвечныя, каб увайшоў Валадар славы! 
 8  Хто-ж ёсьць Валадар славы? ГОСПАД моцны і магутны, ГОСПАД, магутны ў бітве. 
 9  Узьніміце, брамы, вярхі вашыя! Узьніміцеся, дзьверы адвечныя, каб увайшоў Валадар славы! 
 10  Хто ж ёсьць Валадар славы? ГОСПАД Магуцьцяў — Ён ёсьць Валадар славы! (Сэлях)