Пс 101
 1  Псальм Давіда. Пра міласэрнасьць і суд буду сьпяваць, Цябе, ГОСПАДЗЕ, буду выслаўляць. 
 2  Буду разважаць пра шлях беззаганны. Калі ж Ты прыйдзеш да мяне? Буду хадзіць у беззаганнасьці сэрца майго пасярод дому майго. 
 3  Не пастаўлю перад вачыма маімі рэчы нягодныя; учынкі паганыя я ненавіджу, не прылепяцца яны да мяне. 
 4  Сэрца падступнае далёка ад мяне, зла не хачу я і ведаць. 
 5  Таго, хто ачарняючы, ачарняе таемна бліжняга свайго, я вынішчу; вочы пыхлівыя і сэрца надзьмутае ня буду зносіць. 
 6  Вочы мае на верных зямлі, каб жылі пры мне. Той, хто ходзіць па шляху беззаганнасьці, будзе служыць мне. 
 7  Ня будзе ў доме маім жыць той, хто здраду кнуе; той, хто гаворыць хлусьліва, ня будзе стаяць перад вачыма маімі. 
 8  Раніцаю буду вынішчаць усіх бязбожнікаў зямлі, каб у горадзе ГОСПАДАВЫМ зьнішчыць усіх злачынцаў.