Ціт 2
1  А ты гавары, як належыць здароваму вучэньню:
2  каб старыя былі пільныя, сумленныя, цьвярозыя, здаровыя ў веры, любові, цярплівасьці;
3  каб старыя жанчыны паводзілі сябе, як належыцца сьвятым, не паклёпнічалі, не пілі шмат віна, вучылі добраму,
4  каб вучылі мудрасьці маладых, каб тыя любілі мужоў, любілі дзяцей,
5  былі цьвярозыя, чыстыя, гаспадарлівыя, добрыя, падпарадкаваныя сваім мужам, каб не было блюзьненьня на слова Божае.
6  Маладых людзей таксама ўпрошвай думаць цьвяроза,
7  у-ва ўсім даючы сябе за прыклад добрых учынкаў, у навучаньні — чысьціню, сумленнасьць, непахібнасьць,
8  слова здаровае, ненаганнае, каб той, хто супрацівіцца, быў асаромлены, ня маючы нічога благога сказаць пра нас.
9  Слугаў [навучай] падпарадкоўвацца сваім уладарам, у-ва ўсім падабацца ім, не пярэчачы,
10  не прыхоўваючы сабе, але зьяўляючы ўсю добрую вернасьць, каб у-ва ўсім аздаблялі вучэньне Збаўцы нашага Бога.
11  Бо зьявілася ласка Божая, што дае збаўленьне для ўсіх людзей,
12  якая навучае нас, каб, адрокшыся ад бязбожнасьці і пажадлівасьцяў сьвету, цьвяроза, праведна і пабожна жылі мы ў цяперашнім веку,
13  чакаючы шчасьлівае надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,
14  Які даў Сябе за нас, каб выбавіць нас ад усякага беззаконьня і ачысьціць Сабе народ асаблівы, які рупіцца пра добрыя справы.
15  Гэтае кажы, упрошвай і дакарай з усякім загадам; няхай ніхто табою не пагарджае.