Мц 9
 1  І, увайшоўшы ў човен, Ён пераплыў назад, і прыйшоў у Свой горад. 
 2  І вось, прынесьлі да Яго спараліжаванага, які ляжаў на ложку. І, бачачы веру іх, Ісус сказаў спараліжаванаму: «Будзь пэўным, дзіця! Адпускаюцца табе грахі твае». 
 3  І вось, некаторыя з кніжнікаў сказалі самі ў сабе: «Ён блюзьніць». 
 4  І, бачачы думкі іхнія, Ісус сказаў: «Чаму злое вы падумалі ў сэрцах вашых? 
 5  Бо што лягчэй сказаць: “Адпускаюцца табе грахі”, ці сказаць: “Устань і хадзі”? 
 6  Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі», — кажа тады спараліжаванаму: «Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой». 
 7  І, устаўшы, ён пайшоў у дом свой. 
 8  Бачачы гэтае, натоўпы зьдзівіліся і славілі Бога, Які даў такую ўладу людзям. 
 9  І, праходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, званага Мацьвеем, і кажа яму: «Ідзі за Мною». І ён, устаўшы, пайшоў за Ім. 
 10  І сталася, як Ён узьлягаў у доме, вось, шмат мытнікаў і грэшнікаў, прыйшоўшы, узьляглі з Ісусам і вучнямі Ягонымі. 
 11  І фарысэі, якія бачылі гэта, сказалі вучням Ягоным: «Дзеля чаго Настаўнік ваш есьць з мытнікамі і грэшнікамі?» 
 12  А Ісус, пачуўшы, сказаў Ім: «Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя. 
 13  Пайдзеце ж, навучыцеся, што значыць: “Міласэрнасьці хачу, а не ахвяры”. Бо Я прыйшоў не праведнікаў, але грэшнікаў клікаць да навяртаньня». 
 14  Тады прыходзяць да Яго вучні Янавы, кажучы: «Чаму мы і фарысэі шмат посьцім, а Твае вучні ня посьцяць?» 
 15  І сказаў ім Ісус: «Ня могуць плакаць сыны вясельля, пакуль з імі жаніх. Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады будуць посьціць. 
 16  Ніхто ж не прышывае латкі з новай тканіны да старога адзеньня, бо прышытае аддзярэцца ад адзеньня, і дзіра станецца большая. 
 17  Не ўліваюць новага віна ў старыя мяхі, бо рвуцца мяхі, і віно выцякае, і мяхі гінуць; але новае віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца адно і другое». 
 18  Калі Ён гаварыў ім гэта, вось, падыйшоўшы, начальнік пакланіўся Яму, кажучы: «Дачка мая цяпер памірае, але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна ажыве». 
 19  І, устаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя. 
 20  І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў хварэла на крывацечу, падыйшоўшы ззаду, дакранулася да краю шаты Ягонай, 
 21  бо яна казала ў сабе: «Калі толькі дакрануся да шаты Ягонай, буду выратаваная». 
 22  Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: «Будзь пэўная, дачка! Вера твая збавіла цябе». І жанчына ў тую ж гадзіну паздаравела. 
 23  І, прыйшоўшы ў дом начальніка і ўбачыўшы жалейнікаў і ўзрушаны натоўп, 
 24  Ісус сказаў ім: «Адыйдзіцеся, бо не памерла дзяўчынка, але сьпіць». І сьмяяліся з Яго. 
 25  Калі ж вывелі натоўп, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала. 
 26  І разыйшлася чутка пра гэта па ўсёй той зямлі. 
 27  І калі Ісус ішоў адтуль, ішлі за Ім два сьляпыя, крычучы і кажучы: «Зьлітуйся над намі, Сыне Давідаў!» 
 28  Калі ж Ён прыйшоў у дом, падыйшлі да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: «Ці вы верыце, што Я магу гэтае зрабіць?» Кажуць яму: «Так, Госпадзе!» 
 29  Тады Ён дакрануўся да вачэй іхніх, кажучы: «Паводле веры вашае няхай станецца вам». 
 30  І адчыніліся вочы іхнія. І Ісус грозна глянуў на іх, кажучы: «Глядзіце, каб ніхто ня ведаў». 
 31  А яны, выйшаўшы, шырылі вестку пра Яго па ўсёй той зямлі. 
 32  Калі ж тыя выходзілі, вось прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам. 
 33  І, калі дэман быў выгнаны, нямы загаварыў, і натоўп зьдзіўляўся, кажучы: «Ніколі не здаралася гэткае ў Ізраілі». 
 34  А фарысэі казалі: «Праз князя дэманаў Ён выганяе дэманаў». 
 35  І абыходзіў Ісус усе гарады і мястэчкі, навучаючы ў сынагогах і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе. 
 36  Убачыўшы ж натоўпы, Ён зьлітаваўся над імі, што былі саслабелыя і расьцярушаныя, быццам авечкі, якія ня маюць пастуха. 
 37  Тады кажа вучням Сваім: «Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала. 
 38  Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё».