Бц 11
 1  І была на ўсёй зямлі адна мова і адны словы. 
 2  І сталася, калі яны вандравалі з усходу, знайшлі раўніну ў зямлі Шынаар і там пасяліліся. 
 3  І сказалі яны адзін аднаму: “Давайце наробім цэглы і абпалім яе агнём”. І была ў іх цэгла замест камянёў, а смала была ў іх замест вапны. 
 4  І сказалі яны: “Давайце зробім сабе горад і вежу, у якой верх будзе да неба, і гэтым зробім сабе імя, каб не расьцярушыліся мы па абліччу ўсёй зямлі”. 
 5  І зыйшоў ГОСПАД, каб убачыць горад і вежу, якую будавалі сыны чалавечыя. 
 6  І сказаў ГОСПАД: “Вось, адзін народ і адна для ўсіх мова. І вось, што пачалі яны рабіць. І цяпер не спыніць іх ва ўсім, што яны задумалі зрабіць. 
 7  Давайце зыйдзем і памяшаем там іхнюю мову, каб не маглі разумець мовы адзін аднаго”. 
 8  І расьцярушыў іх ГОСПАД з таго месца па абліччы ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад. 
 9  Дзеля таго названа імя яго Бабілон, бо там зьмяшаў ГОСПАД мову ўсяе зямлі, і адтуль расьцярушыў іх ГОСПАД па абліччы ўсёй зямлі. 
 10  Вось радавод Сэма. Сэм меў сто гадоў і нарадзіў Арпахшада праз два гады пасьля патопу. 
 11  І жыў Сэм па нараджэньні Арпахшада пяцьсот гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. 
 12  І Арпахшад жыў трыццаць пяць гадоў, і нарадзіў Шэляха. 
 13  І жыў Арпахшад па нараджэньні Шэляха чатырыста тры гады, і нарадзіў сыноў і дачок. 
 14  І Шэлях жыў трыццаць гадоў, і нарадзіў Эвэра. 
 15  І жыў Шэлях па нараджэньні Эвэра чатырыста тры гады, і нарадзіў сыноў і дачок. 
 16  І жыў Эвэр трыццаць чатыры гады, і нарадзіў Пэлега. 
 17  І жыў Эвэр па нараджэньні Пэлега чатырыста трыццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. 
 18  І жыў Пэлег трыццаць гадоў, і нарадзіў Рэву. 
 19  І жыў Пэлег па нараджэньні Рэву дзьвесьце дзевяць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. 
 20  І жыў Рэву трыццаць два гады, і нарадзіў Сэруга. 
 21  І жыў Рэву па нараджэньні Сэруга дзьвесьце сем гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. 
 22  І жыў Сэруг трыццаць гадоў, і нарадзіў Нахора. 
 23  І жыў Сэруг па нараджэньні Нахора дзьвесьце гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. 
 24  І жыў Нахор дваццаць дзевяць гадоў, і нарадзіў Тэраха. 
 25  І жыў Нахор па нараджэньні Тэраха сто дзевятнаццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок. 
 26  І жыў Тэрах семдзесят гадоў, і нарадзіў Абрама, Нахора і Арана. 
 27  І вось радавод Тэраха. Тэрах нарадзіў Абрама, Нахора і Арана, а Аран нарадзіў Лёта. 
 28  І памёр Аран перад абліччам Тэраха, бацькі свайго, у зямлі нараджэньня свайго, у Уры Халдэйскім. 
 29  І ўзялі Абрам і Нахор сабе жонак. Імя жонкі Абрама — Сарай, а імя жонкі Нахора — Мілька, дачка Арана, бацькі Мількі і бацькі Іскі. 
 30  І была Сарай бясплодная, яна ня мела дзяцей. 
 31  І ўзяў Тэрах Абрама, сына свайго, і Лёта, сына Арана, унука свайго, і Сарай, нявестку сваю, жонку Абрама, сына свайго, і выйшаў з імі з Уру Халдэйскага, каб ісьці ў зямлю Ханаан. І прыйшлі ў Харан, і пасяліліся там. 
 32  І было дзён Тэраха дзьвесьце пяць гадоў жыцьця, і памёр Тэрах у Харане.