Бц 23
 1  I было жыцьця Сары сто дваццаць сем год, [гэта] гады жыцьця Сары. 
 2  I памерла Сара ў Кірыят-Арбе, гэта значыць, у Хеўроне, у зямлі Ханаан. I прыйшоў Абрагам, каб мець жалобу па Сары і плакаць па ёй. 
 3  I ўстаў Абрагам ад аблічча памёршае сваёй, і прамовіў да сыноў Хета, кажучы: 
 4  “Прыхадзень і пасяленец я у вас; дайце мне ў вас на ўласнасьць магілу, і я пахаваю памёршую маю ад аблічча майго”. 
 5  I адказалі сыны Хета Абрагаму, кажучы яму: 
 6  “Паслухай нас, пане мой! Князь Божы ты сярод нас; у найлепшай з нашых магілаў пахавай памёршую сваю; ніхто з нас не адмовіць табе магілы сваёй на пахаваньне памёршае тваёй”. 
 7  І ўстаў Абрагам, і пакланіўся народу зямлі, сынам Хета, 
 8  і гутарыў з імі, кажучы: “Калі жадае душа вашая, каб я пахаваў памёршую маю ад аблічча майго, паслухайце мяне і папрасіце за мяне Эфрона, сына Цахара, 
 9  і ён дасьць мне пячору Махпэля, што ў яго, якая на канцы поля ягонага, за поўнае срэбра дасьць мне яе, каб меў я сярод вас магілу на ўласнасьць”. 
 10  А Эфрон сядзеў сярод сыноў Хета. І адказаў Эфрон Хет Абрагаму ўслых усіх сыноў Хета, якія ўваходзілі ў брамы гораду ягонага, кажучы: 
 11  “Не, пане мой! Паслухай мяне: поле я даю табе і пячору, якая на ім, даю табе, перад вачыма сыноў народу майго даю табе яе, пахавай памёршую тваю”. 
 12  I пакланіўся Абрагам перад народам зямлі, 
 13  і сказаў Эфрону ўслых народу зямлі, кажучы: “Калі б ты толькі паслухаў мяне, я даю табе срэбра за поле гэтае; вазьмі ў мяне, і я пахаваю там памёршую маю”. 
 14  І адказаў Эфрон Абрагаму, кажучы яму: 
 15  “Пане мой, паслухай мяне! Зямля [вартая] чатырыста сыкляў срэбра; што гэта для мяне і для цябе? І пахавай памёршую тваю”. 
 16  I паслухаў Абрагам Эфрона; і адважыў Абрагам Эфрону срэбра, пра якое ён казаў услых сыноў Хета, чатырыста сыкляў срэбра, якое ўжывалася ў купцоў. 
 17  I атрымаў поле Эфрона, якое ў Махпэлі, што насупраць Мамрэ, поле тое і пячора, якая на ім, і кажнае дрэва, якое на полі, ў-ва ўсіх межах ягоных наўкола, 
 18  Абрагам, які купіў яго перад вачыма сыноў Хета, усіх, якія ўваходзілі ў брамы гораду ягонага. 
 19  І пасьля гэтага Абрагам пахаваў Сару, жонку сваю, у пячоры на полі ў Махпэлі, насупраць Мамрэ, якое завецца Хеўрон, у зямлі Ханаан. 
 20  I атрымаў Абрагам тое поле і тую пячору, якая на ім, як магілу на ўласнасьць ад сыноў Хета.