Бц 46
 1  I вырушыў Ізраіль у дарогу, і ўсё, што ў яго, і прыйшоў у Бэер-Шэву, і ахвяраваў ахвяры Богу бацькі свайго Ісаака. 
 2  I сказаў Бог Ізраілю ў відзежы начным, і сказаў: “Якубе! Якубе!” А ён сказаў: “Вось я”. 
 3  I сказаў: “Я — Бог, Бог бацькі твайго! Ня бойся зыйсьці ў Эгіпет, бо Я зраблю цябе там народам вялікім. 
 4  Я зыйду з табою ў Эгіпет, і Я, выводзячы, таксама вывяду цябе [адтуль]. I Язэп паложыць руку сваю на вочы твае”. 
 5  I падняўся Якуб з Бэер-Шэвы; і павезьлі сыны Ізраіля Якуба, бацьку свайго, і дзяцей сваіх, і жонак сваіх на вазах, якія паслаў фараон, каб прывезьці яго. 
 6  I ўзялі яны статак свой і маёмасьць сваю, якую прыдбалі ў зямлі Ханаан, і прыйшлі ў Эгіпет Якуб і ўсё насеньне ягонае з ім. 
 7  Сыноў сваіх і сыноў сыноў сваіх з сабою, і дочак сваіх і дочак сыноў сваіх, і ўсё насеньне сваё прывёў ён з сабою ў Эгіпет. 
 8  I вось імёны сыноў Ізраіля, што прыйшлі ў Эгіпет: Якуб і сыны ягоныя. Першародны Якуба Рубэн. 
 9  I сыны Рубэна: Ханох і Пальлю, і Хецрон, і Кармі. 
 10  I сыны Сымона: Емуэль і Ямін, і Агад, і Якін, і Цахар, і Шаўль, сын Хананейкі. 
 11  I сыны Леві: Гершон, Кегат і Мерары. 
 12  А сыны Юды: Ер, і Анан, і Шэля, і Пэрэс, і Зарах. І памерлі Ер і Анан у зямлі Ханаан. I былі сыны Пэрэса: Хецрон і Хамуль. 
 13  I сыны Ісахара: Тола і Пува, і Ёў, і Шымрон. 
 14  I сыны Завулёна: Сэрэд, і Элён, і Яхлеэль. 
 15  Гэта сыны Леі, якіх яна нарадзіла Якубу ў Падан-Араме, і [яшчэ] Дзіну, дачку ягоную. Усіх душаў сыноў ягоных і дочак ягоных — трыццаць тры. 
 16  I сыны Гада: Цыф’ён і Хагі, Шуні і Эцбон, Еры і Ароды, і Ар’элі. 
 17  А сыны Асэра: Імна, і Ішва, і Ішві і Бэрыя, і Сэрах, сястра іхняя. А сыны Бэрыі: Хевер і Малхіэль. 
 18  Гэта сыны Зільпы, якую даў Лаван Леі, дачцэ сваёй. Яна нарадзіла іх Якубу шаснаццаць душаў. 
 19  Сыны Рахелі, жонкі Якуба: Язэп і Бэн’ямін. 
 20  I нарадзіліся ў Язэпа ў зямлі Эгіпецкай Манаса і Эфраім, якіх нарадзіла яму Аснат, дачка Паты-Пэра, сьвятара з Ону. 
 21  А сыны Бэн’яміна: Бела і Бэкер, і Ашбэль, Гера і Нааман, Эхі і Рош, Мупім і Хупім, і Ард. 
 22  Гэта сыны Рахелі, якіх яна нарадзіла Якубу, усіх душаў — чатырнаццаць. 
 23  А сыны Дана: Хушым. 
 24  Сыны Нэфталі: Яхцээль і Гуні, і Ецэр, і Шылем. 
 25  Гэта сыны Більгі, якую даў Лаван дачцэ сваёй Рахелі. Яна нарадзіла іх Якубу, усіх душаў —сем. 
 26  Усяго душаў, што прыйшлі з Якубам у Эгіпет, якія выйшлі са сьцёгнаў ягоных, акрамя жонак сыноў Якуба, усіх душаў — шэсьцьдзесят шэсьць. 
 27  А сыноў Язэпа, якія нарадзіліся яму ў Эгіпце, — дзьве душы. Усяго душаў з дому Якуба прыйшло ў Эгіпет семдзясят. 
 28  I паслаў ён Юду перад сабою да Язэпа, каб той скіраваў аблічча яго на Гашэн. I прыйшлі ў зямлю Гашэн. 
 29  I запрог Язэп калясьніцу сваю, і ўзыйшоў насустрач Ізраілю, бацьку свайму, у Гашэн, і паказаўся яму, і ўпаў на шыю ягоную, і плакаў на шыі ягонай зноў. 
 30  I сказаў Ізраіль Язэпу: “Магу паміраць я гэтым разам, як убачыў аблічча тваё, бо ты яшчэ жывы”. 
 31  I сказаў Язэп братам сваім і дому бацькі свайго: “Я пайду і паведамлю фараону, і скажу яму: “Браты мае і дом бацькі майго, якія былі ў зямлі Ханаан, прыйшлі да мяне. 
 32  Гэтыя людзі — пастухі авечак, бо яны гадавалі статак. І авечак сваіх, і валоў сваіх, і ўсё, што ў іх, яны прывялі”. 
 33  I станецца, калі фараон пакліча вас і скажа: “Які занятак ваш?” 
 34  вы скажаце: “Гадавалі статак слугі твае, з маленства нашага і дагэтуль, і мы, і бацькі нашыя”, каб вы пасяліліся ў зямлі Гашэн, бо брыдзяцца Эгіпцяне кожным пастухом авечак”.