Пс 20
 1  Кіраўніку хору: псальм Давіда. 
 2  Няхай ГОСПАД пачуе цябе ў дзень трывогі, няхай абароніць цябе імя Бога Якубавага! 
 3  Няхай Ён спашле табе дапамогу са сьвятыні і ўмацуе цябе з Сыёну! 
 4  Няхай Ён узгадае ўсе дары твае і цэласпаленьнямі тваімі няхай насыціцца. 
 5  Няхай Ён дасьць табе паводле сэрца твайго, і споўніць усе намеры твае, 
 6  каб мы ўзрадаваліся ў збаўленьні Тваім і ў імя Бога нашага сьцяг паднялі. Няхай споўніць ГОСПАД усе прагненьні твае! 
 7  Цяпер я ведаю, што ГОСПАД збаўляе Памазанца Свайго; Ён адкажа яму са сьвятога неба Свайго праз збаўчую магутнасьць правіцы Сваёй. 
 8  Гэтыя [спадзяюцца] на калясьніцы і коней, а мы ўзгадваем імя ГОСПАДА, Бога нашага. 
 9  Яны пахіснуліся і ўпалі, а мы паўсталі і стаімо проста. 
 10  Збаў нас, ГОСПАДЗЕ, і няхай валадар пачуе нас, калі будзем клікаць!