Пс 34
 1  [Псальм] Давіда, калі ён перад Абімэлехам удаваў вар’ята і быў выгнаны ім, і пайшоў сабе. 
 2  Буду дабраслаўляць ГОСПАДА ў-ва ўсякі час; хвала Яго будзе заўсёды на вуснах маіх. 
 3  У ГОСПАДЗЕ будзе хваліцца душа мая; пачуюць [пра гэта] ўцісканыя і ўзрадуюцца. 
 4  Узьвялічвайце ГОСПАДА са мною, і разам будзем вывышаць імя Ягонае! 
 5  Я шукаў ГОСПАДА, і Ён адказаў мне, і ад усяго, чаго я баяўся, выратаваў мяне. 
 6  Глядзіце на Яго і зыходзьцеся [да Яго], і абліччы вашыя ня будуць у ганьбе. 
 7  Убогі клікаў, і ГОСПАД пачуў [яго], і збавіў яго ад усіх трывогаў ягоных. 
 8  Анёл ГОСПАДАЎ ставіць табар вакол тых, якія баяцца Яго, і ратуе іх. 
 9  Паспытайце і ўбачце, які добры ГОСПАД! Шчасьлівы той чалавек, які ў Ім мае надзею. 
 10  Бойцеся ГОСПАДА, вы, сьвятыя Ягоныя! Бо ня маюць нястачы тыя, якія баяцца Яго. 
 11  Львяняты бядуюць і галадуюць, але тыя, што шукаюць ГОСПАДА, не адчуюць нястачы ўсякага даброцьця. 
 12  Хадзіце сюды, сыны, паслухайце мяне, я навучу вас страху перад ГОСПАДАМ. 
 13  Хто ёсьць чалавек, якому даспадобы жыцьцё, які любіць [доўгія] дні, каб убачыць добрае? 
 14  Захоўвай язык свой ад ліхога, а вусны свае — ад слова крывадушнага. 
 15  Ухіляйся ад ліхога і рабі добрае; шукай супакою і імкніся да яго. 
 16  Вочы ГОСПАДА — на праведных, і вушы Ягоныя — на лямант іхні. 
 17  Аблічча ГОСПАДА — супраць тых, якія робяць ліхое, каб вынішчыць з зямлі памяць пра іх. 
 18  [Праведныя] крычаць, і ГОСПАД чуе іх, і ад усіх іхніх бедаў ратуе іх. 
 19  ГОСПАД блізкі да тых, у каго сэрца скрышанае, і збаўляе тых, у каго дух разьбіты. 
 20  Шмат ліхога [здараецца] ў праведнага, але з усяго гэтага ратуе яго ГОСПАД. 
 21  Ён захоўвае ўсе косткі ягоныя, каб ніводную не паламалі. 
 22  Ліхоцьце прывядзе да сьмерці бязбожніка, і будуць абвінавачаныя тыя, што ненавідзяць Праведнага. 
 23  ГОСПАД выбаўляе душы слугаў Сваіх, і ўсе, якія маюць надзею ў Ім, ня будуць абвінавачаныя.