Пс 85
 1  Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Псальм. 
 2  Ты зьявіў ласку, ГОСПАДЗЕ, для зямлі Тваёй, Ты вярнуў палон Якуба. 
 3  Ты дараваў віну народу Твайго, Ты пакрыў усе грахі іхнія. (Сэлях) 
 4  Ты стрымаў усю лютасьць Тваю, адвярнуў жар гневу Твайго. 
 5  Вярні нас, Божа збаўленьня нашага, і супыні абурэньне Тваё на нас. 
 6  Няўжо вечна будзеш гневацца на нас і гнеў Твой працягнеш з пакаленьня ў пакаленьне? 
 7  Няўжо не павернешся, каб ажывіць нас, каб народ Твой узрадаваўся ў Табе? 
 8  Дай нам убачыць, ГОСПАДЗЕ, міласэрнасьць Тваю, і збаўленьне Тваё дай нам! 
 9  Паслухаю, што кажа Бог ГОСПАД, бо Ён кажа пра супакой для народу Свайго і для багабойных Сваіх, і няхай не зьвяртаюцца яны да глупоты. (Сэлях) 
 10  Вось, блізка збаўленьне Ягонае для тых, што баяцца Яго, каб слава [Божая] пасялілася на зямлі нашай. 
 11  Міласэрнасьць і праўда сустрэнуцца, праведнасьць і супакой пацалуюцца. 
 12  Праўда ўзыйдзе з зямлі, і праведнасьць з неба глядзець будзе. 
 13  І ГОСПАД дасьць даброцьце, і зямля наша дасьць ураджай свой. 
 14  Праведнасьць будзе ісьці перад абліччам Яго і будзе стаяць на шляху крокаў Ягоных.