Пс 136
 1  Слаўце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Яго! 
 2  Слаўце Бога багоў, бо на вякі міласэнасьць Яго! 
 3  Слаўце Пана паноў, бо на вякі міласэрнасьць Яго! 
 4  Таго, Які Сам робіць цуды вялікія, бо на вякі міласэрнасьць Яго: 
 5  Таго, Які неба ўчыніў з разуменьнем, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 6  Таго, Які зямлю расьцягнуў па-над водамі, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 7  Таго, Які ўчыніў сьвяцільні вялікія, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 8  сонца, каб кіравала днём, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 9  месяц і зоркі, каб кіравалі ноччу, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 10  Таго, Які пабіў Эгіпет у першародных ягоных, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 11  і вывеў Ізраіля спасярод яго, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 12  рукою дужаю і рамяном узьнятым, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 13  Таго, Які мора Чырвонае расьсек, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 14  і правёў Ізраіля пасярод яго, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 15  і кінуў фараона і войска ягонае ў мора Чырвонае, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 16  Таго, Які вёў народ Свой праз пустыню, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 17  Таго, Які пабіў валадароў вялікіх, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 18  і забіў валадароў слаўных, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 19  Сыгона, валадара Амарэйскага, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 20  і Ога, валадара Башану, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 21  і аддаў зямлю іхнюю ў спадчыну, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 22  у спадчыну Ізраілю, слузе Свайму, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 23  Таго, Які ў паніжэньні нашым успомніў аб нас, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 24  і выратаваў нас ад прыгнятальнікаў нашых, бо на вякі міласэрнасьць Яго; 
 25  Таго, Які дае хлеб усякаму целу, бо на вякі міласэрнасьць Яго. 
 26  Слаўце Бога нябёсаў, бо на вякі міласэрнасьць Яго!