Пс 138
 1  Давіда. Я буду славіць Цябе ўсім сэрцам; перад абліччам анёлаў* буду выслаўляць Цябе. 
 2  Пакланюся ў сьвятыні сьвятасьці Тваёй і буду славіць імя Тваё за міласэрнасьць Тваю і праўду Тваю, бо Ты ўзьвялічыў па-над усякае імя Тваё слова Тваё. 
 3  У дзень, калі я клікаў, Ты адказаў мне, і ўзмоцніў сілаю душу маю. 
 4  Будуць славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, усе валадары зямлі, бо пачуюць словы вуснаў Тваіх. 
 5  І будуць сьпяваць пра шляхі ГОСПАДАВЫ, бо вялікая слава ГОСПАДА. 
 6  Бо ўзвышаны ГОСПАД, але бачыць пакорнага і ганарлівага пазнае здалёк. 
 7  Калі буду хадзіць сярод турботаў, Ты ажывіш мяне, супраць гневу ворагаў маіх Ты выцягнеш руку Тваю, і мяне вызваліць правіца Твая. 
 8  ГОСПАД выканае [справу маю] для мяне. ГОСПАДЗЕ, міласэрнасьць Твая на вякі! Не пакінь твораў рук Тваіх! Альлелюя!