Гал 5
1  Дык стойце ў свабодзе, якою вызваліў нас Хрыстос, і не патрапляйце ізноў пад ярмо няволі.
2  Вось я, Павал, кажу вам, што, калі вы абрэзваецеся, Хрыстос вам ня дасьць ніякай карысьці.
3  Зноў жа сьведчу ўсякаму чалавеку, які абрэзваецца, што ён павінен выканаць увесь Закон.
4  Вы, якія апраўдваецеся праз Закон, зьнішчылі [ў сабе] Хрыста, адпалі ад ласкі.
5  Бо мы духам праз веру чакаем надзеі праведнасьці.
6  Бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ані абразаньне, ані неабразаньне, але вера, якая дзейнічае праз любоў.
7  Вы беглі добра. Хто перашкодзіў вам, каб вы ня мелі перакананасьці ў праўдзе?
8  Гэткае перакананьне не ад Таго, Які вас кліча.
9  Малая кісьля ўсё цеста квасіць.
10  Я перакананы наконт вас у Госпадзе, што вы ня будзеце думаць аніяк іначай. А той, хто вас трывожыць, хто б ён ні быў, атрымае асуджэньне.
11  Калі ж я, браты, усё яшчэ абвяшчаю абразаньне, чаму я перасьледаваны? Тады зьнішчанае будзе згаршэньне крыжа.
12  О, каб былі адсечаны тыя, якія вас бунтуюць!
13  Бо вы да свабоды пакліканыя, браты. Толькі каб свабода ня [сталася] нагодай для [пажаданьняў] цела, але праз любоў служыце адзін аднаму.
14  Бо ўвесь Закон у адным слове спаўняецца: «Любі бліжняга твайго як самога сябе».
15  Калі ж адзін аднаго кусаеце і зьядаеце, глядзіце, ня будзьце зьнішчаныя адзін адным.
16  А я кажу: хадзіце [паводле] духа і пажаданьняў цела не спаўняйце.
17  Бо цела жадае насупраць духу, а дух — насупраць целу: яны адзін аднаму працівяцца, каб вы рабілі ня тое, што б хацелі.
18  Калі ж вы ведзеныя духам, вы не пад Законам.
19  А ўчынкі цела яўныя, яны ёсьць чужалоства, распуста, нячыстасьць, бессаромнасьць,
20  ідалапаклонства, чараўніцтва, варожасьць, сваркі, рэўнасьць, ярасьць, сварлівасьць, нязгода, герэзіі,
21  зайздрасьць, забойствы, п’янства, гулянкі і падобнае гэтаму. Гэта наперад кажу вам, як і раней казаў, што тыя, якія гэтак робяць, не ўспадкаемяць Валадарства Божага.
22  Плод жа Духа — любоў, радасьць, супакой, доўгацярплівасьць, ласкавасьць, добрасьць, вера,
23  ціхасьць, стрыманасьць. Супраць гэтакіх няма Закону.
24  А тыя, якія Хрыстовыя, укрыжавалі цела з пакутамі і пажаданьнямі.
25  Калі мы жывем [паводле] Духа, дык і ходзім сьледам за Духам.
26  Не шукайма пустой славы, адзін аднаго раздражняючы, адзін аднаму зайздросьцячы.