1 Ян 4
Улюбёныя! Ня ўсякаму духу верце, але выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо шмат фальшывых прарокаў прыйшло ў сьвет.
З гэтага вы пазнаеце Духа Божага: усякі дух, які прызнае Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе, ёсьць ад Бога,
а ўсякі дух, які не прызнае Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе, ня ёсьць ад Бога, і гэта [дух] антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыйдзе, і цяпер ёсьць ужо ў сьвеце.
Дзеткі! Вы — ад Бога, і вы перамаглі іх, бо Той, Які ў вас, большы за таго, які ў сьвеце.
Яны — ад сьвету, дзеля гэтага гавораць ад сьвету, і сьвет слухае іх.
Мы — ад Бога. Хто ведае Бога, той слухае нас; хто не ад Бога, той ня слухае нас. З гэтага мы пазнаем духа праўды і духа падману.
Улюбёныя! Будзем любіць адзін аднаго, бо любоў — ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога.
Хто ня любіць, той не пазнаў Бога, бо Бог ёсьць любоў.
У гэтым выявілася любоў Божая да нас, што Бог паслаў у сьвет Сына Свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго.
10  У гэтым любоў, што ня мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго як перамольваньне за грахі нашыя.
11  Улюбёныя! Калі Бог гэтак палюбіў нас, і мы павінны любіць адзін аднаго.
12  Бога ніхто ніколі ня бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, Бог у нас застаецца, і любоў Ягоная дасканалая ў нас.
13  З гэтага мы пазнаем, што мы застаемся ў Ім, і Ён — у нас, што Ён даў нам ад Духа Свайго.
14  І мы бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына як Збаўцу сьвету.
15  Хто прызнае, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым застаецца Бог, і ён — у Богу.
16  І мы пазналі і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог. Бог ёсьць любоў, і хто застаецца ў любові, застаецца ў Богу, і Бог — у ім.
17  Дзеля гэтага дасканаліцца любоў сярод нас, каб мы мелі адвагу ў дзень суду, бо які Ён, гэткія і мы ў сьвеце гэтым.
18  Страху няма ў любові, але дасканалая любоў прэч выганяе страх, бо ў страху ёсьць мучэньне; а хто баіцца, той у любові недасканалы.
19  Мы любім Яго, бо Ён першы палюбіў нас.
20  Калі хто кажа: «Я люблю Бога», і брата свайго ненавідзіць, той хлус, бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
21  І мы маем ад Яго гэткае прыказаньне, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.