2 Кар 2
Але я судзіў у сабе не прыходзіць да вас ізноў у смутку,
бо, калі я засмучаю вас, хто разьвяселіць мяне, як ня той, хто засмучаны мною?
І я пісаў вам гэта, каб, прыйшоўшы, ня мець смутку ад тых, ад якіх я мусіў мець радасьць. Я маю пэўнасьць адносна ўсіх вас, што мая радасьць — для ўсіх вас [радасьць].
Бо з вялікага прыгнёту і ўціску сэрца пісаў я вам з многімі сьлязьмі, не каб вы былі засмучаныя, але каб спазналі любоў, якую я з лішкам маю да вас.
А калі хто засмуціў, не мяне засмуціў, але часткова, каб [яго] не абцяжарваць, усіх вас.
Даволі гэткаму самога дакараньня ад большасьці;
так што лепш ужо вам дараваць [яму] і суцешыць, каб гэтакі ня быў ахоплены смуткам празьмерным.
Дзеля гэтага загадваю вам засьведчыць яму любоў.
Бо дзеля гэтага я і пісаў, каб выпрабаваць вас, ці ў-ва ўсім вы паслухмяныя.
10  А каму вы што даруеце, таму і я; бо і я, калі што дараваў каму, дараваў дзеля вас перад абліччам Хрыста,
11  каб не ашукаў нас шатан; бо нам вядомыя думкі ягоныя.
12  Калі ж я прыйшоў у Трааду дзеля Эвангельля Хрыстовага і дзьверы былі мне адчыненыя ў Госпадзе,
13  я ня меў патолі духу майму, не знайшоўшы Ціта, брата майго, але, разьвітаўшыся з імі, пайшоў у Македонію.
14  Падзяка ж Богу, Які заўсёды дае нам трыюмфаваць у Хрысьце, і водар веданьня пра Сябе выяўляе праз нас у-ва ўсякім месцы.
15  Бо мы — слодыч Хрыстовая для Бога ў тых, якія збаўленыя, і ў тых, якія гінуць.
16  Для адных — водар сьмерці на сьмерць, а для другіх — водар жыцьця на жыцьцё. І хто здатны на гэта?
17  Бо мы не фальшуем слова Божае, як многія, але гаворым у шчырасьці, як ад Бога, перад Богам у Хрысьце.