2 Пт 3
Гэта ўжо другое пасланьне пішу да вас, улюбёныя, у якім нагадваньнем пабуджаю чыстае разуменьне вашае,
каб вы ўзгадалі словы, раней сказаныя сьвятымі прарокамі, і прыказаньне Госпада і Збаўцы, [перададзенае] апосталамі нашымі,
разумеючы спачатку, што ў апошнія дні прыйдуць лаяльнікі, якія ходзяць паводле сваіх уласных пажаданьняў,
і кажуць: «Дзе абяцаньне прыйсьця Ягонага? Бо ад [часу], як сталі паміраць бацькі, усё гэтак застаецца ад пачатку стварэньня».
Бо ад тых, якія хочуць гэтак [думаць], утоена, што нябёсы былі здаўна, і зямля з вады і праз ваду паўстала праз Слова Божае.
Дзеля гэтага тагачасны сьвет загінуў, затоплены вадою,
а цяперашнія неба і зямля, якія Ягонае слова ўтрымлівае, захоўваюцца для агню на дзень суду і загубы людзей бязбожных.
І тое ня можа быць утоена ад вас, улюбёныя, што ў Госпада адзін дзень — як тысяча гадоў, і тысяча гадоў — як адзін дзень.
Не марудзіць Госпад з абяцаньнем, як гэта некаторыя за маруднасьць уважаюць, але Ён доўгацярплівы да нас, не жадаючы некага загубіць, але каб усіх прывесьці да навяртаньня.
10  Прыйдзе ж дзень Госпадаў, як злодзей уначы, і тады нябёсы з вялікім шумам прамінуць, а распаленыя стыхіі будуць разбурацца, і зямля, і справы, што на ёй, будуць спаленыя.
11  Калі так усё гэтае разбурыцца, якімі мусіце быць у сьвятым ладзе жыцьця і пабожнасьці вы,
12  якія чакаеце і сьпяшаецеся [бачыць] прыйсьце дня Божага, калі нябёсы, палымнеючы, разбурацца, і распаленыя стыхіі растопяцца?
13  А мы, паводле Ягонага абяцаньня, чакаем новага неба і новае зямлі, на якіх праведнасьць жыве.
14  Дзеля гэтага, улюбёныя, чакаючы гэтага, намагайцеся, каб Ён знайшоў вас у супакоі, неапаганенымі і беззаганнымі.
15  І доўгацярплівасьць Госпада нашага ўважайце за збаўленьне, як і ўлюбёны брат наш Павал, паводле дадзенай яму мудрасьці, напісаў вам,
16  як ён кажа пра гэта ў-ва ўсіх пасланьнях, у якіх ёсьць нешта складанае да разуменьня, што невукі і неўгрунтаваныя на ўласную сваю загубу перакручваюць, як і іншыя Пісаньні.
17  Дык вы, улюбёныя, ведаючы [гэта] раней, сьцеражыцеся, каб, захапіўшыся падманам беззаконьнікаў, вы не адпалі ад свайго ўмацаваньня,
18  і ўзрастайце ў ласцы і веданьні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень вечны. Амэн.