Кал 4
 1  Паны, давайце слугам тое, што справядліва і што адпаведна, ведаючы, што і вы маеце Госпада ў небе. 
 2  Трывайце ў малітве, чуваючы ў ёй з падзякаю; 
 3  молячыся таксама і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы слова абвяшчаць тайну Хрыстовую, дзеля якой я зьвязаны, 
 4  каб я выявіў яе так, як мушу пра яе казаць. 
 5  У мудрасьці хадзіце з тымі, што вонкі, выкупляючы час. 
 6  Слова вашае [няхай будзе] заўсёды ў ласцы [Божай], прыпраўленае сольлю, каб вы ведалі, як кожнаму адказаць. 
 7  Пра мяне ўсё паведаміць вам Тыхік, улюбёны брат, і верны служыцель, і таварыш у Госпадзе, 
 8  якога я паслаў да вас дзеля таго, каб мне даведацца, што ў вас, і ён пацешыў сэрцы вашыя, 
 9  разам з Анісімам, верным і ўлюбёным братам, які з вашых. Яны паведамяць вам усё, што тут [робіцца]. 
 10  Вітае вас Арыстарх, вязень са мною, і Марк, пляменьнік Барнабы, пра якога вы атрымалі прыказаньне: калі ён прыйдзе да вас, прыйміце яго, 
 11  і Ісус, называны Юстам, якія з абрэзаных. Яны — адзіныя супрацоўнікі дзеля Валадарства Божага, якія былі мне суцяшэньнем. 
 12  Вітае вас Эпафрас, які з вашых, слуга Хрыста, які заўсёды змагаецца за вас у малітвах, каб вы стаялі дасканалымі і напоўненымі ўсякай воляй Божай. 
 13  Бо сьведчу пра яго, што мае вялікую руплівасьць адносна вас і тых, што ў Ляадыкеі і Гераполі. 
 14  Вітае вас Лука, лекар улюбёны, і Дымас. 
 15  Прывітайце братоў у Ляадыкеі, і Німфана, і царкву ў доме ягоным. 
 16  І калі гэтае пасланьне будзе прачытана ў вас, зрабіце, каб яно было прачытана ў Ляадыкейскай царкве; і тое, якое з Ляадыкеі, прачытайце і вы. 
 17  І скажыце Архіпу: «Зважай на служэньне, якое ты атрымаў у Госпадзе, каб табе споўніць яго». 
 18  Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю. Памятайце пра путы мае. Ласка з вамі. Амэн.