Пс 108
 1  Сьпеў. Псальм Давіда. 
 2  Ўмацаванае сэрца маё, Божа! Буду сьпяваць і выслаўляць [Цябе] ў славе маёй! 
 3  Збудзіцеся, псалтыр і гусьлі! Я пабуджу сьвітаньне! 
 4  Буду славіць Цябе сярод людзей, ГОСПАДЗЕ, і буду выслаўляць Цябе сярод народаў, 
 5  бо па-над неба вялікая міласэрнасьць Твая, і праўда Твая — да аблокаў. 
 6  Узьвялічся па-над неба, Божа, і па-над усёй зямлёй [няхай будзе] слава Твая! 
 7  Каб былі ўратаваныя ўмілаваныя Твае, збаў правіцай Тваёй і адкажы мне! 
 8  Бог сказаў у сьвятасьці Сваёй: “Я ўзрадуюся! Я падзялю Сыхем, і даліну Сукот разьмераю. 
 9  Мой Гілеад, Мой Манаса, і Эфраім — моц галавы Маёй, Юда — заканадаўца Мой! 
 10  Мааў — міса для мыцьця Майго; на Эдом кіну сандалы Мае; над [зямлёй] Філістынскай радасна гукаць буду! 
 11  Хто ўвядзе мяне ў горад умацаваны? Хто завядзе мяне ў Эдом? 
 12  Ці ж ня Ты, Божа, нас пакінуў і не выходзіш, Божа, з войскамі нашымі? 
 13  Дай нам успамогу ў прыгнечаньні [нашым], бо марны ратунак чалавечы. 
 14  З Богам мы зьявім сілу, і Ён растопча прыгнятальнікаў нашых.