Пс 109
 1  Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Божа, хвала мая, не маўчы! 
 2  Бо вусны бязбожныя і вусны здрадлівыя расчыніліся супраць мяне, гавораць са мною языком хлусьлівым. 
 3  І словамі нянавісьці атачылі мяне, і ваююць супраць мяне без прычыны. 
 4  За любоў маю яны супрацьстаяць мне; а я малюся. 
 5  Яны заплацілі мне злом за дабро, і нянавісьцяй — за любоў маю. 
 6  Пастаў над ім бязбожніка, і шатан няхай стане праваруч яго; 
 7  калі будзе суджаны, няхай будзе як бязбожнік, а малітва ягоная няхай станецца грэхам. 
 8  Няхай дні ягоныя будуць кароткія, а ўрад ягоны няхай возьме іншы. 
 9  Няхай сыны ягоныя будуць сіротамі, а жонка ягоная — удавою. 
 10  Няхай выгнаныя, будуць выгнанцамі сыны ягоныя, і няхай жабруюць і шукаюць [хлеба] на руінах сваіх! 
 11  Няхай захопіць ліхвяр усё, што яму належыць, і няхай чужынцы захопяць працу ягоную. 
 12  Няхай ня будзе нікога, хто яму зьявіць міласэрнасьць, і няхай ня будзе таго, хто зьлітуецца над сіротамі ягонымі. 
 13  Насеньне ягонае няхай будзе зьнішчана; у пакаленьні наступным няхай будзе выкрэсьленае імя ягонае! 
 14  Няхай будзе ўзгаданае беззаконьне бацькоў ягоных перад ГОСПАДАМ, і грэх маці ягонай няхай ня будзе змыты! 
 15  Няхай будуць яны перад ГОСПАДАМ заўсёды, і няхай Ён вынішчыць на зямлі памяць пра яго, 
 16  бо ён не памятаў, каб чыніць міласэрнасьць, і перасьледаваў чалавека беднага і прыгнечанага, і з сэрцам зламаным, каб забіць яго. 
 17  Любіў ён праклён, і ён прыйдзе на яго! Не было даспадобы яму дабраслаўленьне, і яно будзе далёка ад яго! 
 18  І ён апранецца праклёнам, быццам шатай сваёй, і ён увойдзе, як вада, у нутро ягонае, і як алей, — у косткі ягоныя! 
 19  Няхай будзе яму як адзеньне, у якое ён адзяецца, і як пас, якім заўсёды падпярэзваецца! 
 20  Гэткая будзе плата ад ГОСПАДА тым, што супрацьстаяць мне, і тым, што благое гавораць супраць душы маёй! 
 21  А Ты, ГОСПАДЗЕ, Госпадзе, учыні са мною дзеля імя Твайго, і, бо добрая міласэрнасьць Твая, выратуй мяне, 
 22  бо я бедны і прыгнечаны, і сэрца маё ў нутры маім зранена. 
 23  Я зыходжу, як цень, што зьнікае; ганяюць мяне, як саранчу. 
 24  Калені мае ад посту хістаюцца, і цела маё ссохла без алею. 
 25  І я стаўся ганьбаю для іх, яны глядзяць на мяне, ківаючы галовамі сваімі. 
 26  Дапамажы мне, ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Збаў мяне паводле міласэрнасьці Тваёй! 
 27  І даведаюцца яны, што гэта рука Твая, што Ты, ГОСПАДЗЕ, зрабіў гэта! 
 28  Яны праклінаюць, а Ты дабраславі! Яны паўстаюць [супраць мяне], і будуць асаромленыя, а слуга Твой няхай узрадуецца! 
 29  Няхай апрануцца ў зьнявагу тыя, што супрацьстаяць мне, і ахінуцца, быццам плашчом, у сорам свой! 
 30  Я буду гучна славіць ГОСПАДА вуснамі маімі і сярод мноства [народу] буду хваліць Яго, 
 31  бо Ён стаіць праваруч прыгнечанага, каб збавіць яго ад тых, што асуджаюць душу ягоную.