Пс 76
 1  Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Псальм Асафа. Сьпеў. 
 2  Вядомы ў Юдэі Бог, вялікае ў Ізраілі імя Ягонае. 
 3  І паўстаў у Салеме схоў Ягоны, і жытло Ягонае — на Сыёне. 
 4  Там Ён скрышыў стрэлы луку, шчыт і меч, і вайну. (Сэлях) 
 5  Ты зьзяеш, Ты слаўнейшы за горы здабычы. 
 6  Зрабаваныя моцныя сэрцам, дрэмлюць сном сваім, і не знайшлі ўсе мужы дужыя рук сваіх. 
 7  Ад пагрозаў Тваіх, Божа Якуба, здрантвелі і калясьніца, і конь. 
 8  Ты, [толькі] Ты [напаўняеш] страхам, і хто можа ўстаяць прад абліччам Тваім у час гневу Твайго? 
 9  З неба Ты даеш пачуць прысуд, зямля ў страху і маўчаньні, 
 10  калі Бог падняўся на суд, каб збавіць ўсіх уцісканых на зямлі. (Сэлях) 
 11  Бо [нават] ярасьць чалавека будзе славіць Цябе, парэшткамі ярасьці Ты падпярэжашся. 
 12  Давайце і спаўняйце абяцаньні ГОСПАДУ, Богу вашаму; усе, што навакол Яго, нясіце дары Страшліваму. 
 13  Ён пазбаўляе духу князёў, Ён страшны для валадароў зямных.