Пс 77
 1  Кіраўніку хору. Едутуну. Псальм Асафа. 
 2  Голас мой да Бога, і буду крычаць; голас мой да Бога, і Ён пачуў мяне. 
 3  У дзень трывогі маёй шукаю я Госпада; уначы рука мая працягнутая і не зьнемагаецца; адмаўляецца ад пацяшэньня душа мая. 
 4  Узгадваю пра Бога і стогну; енчу і зьнемагае дух мой. (Сэлях) 
 5  Ты затрымаў павекі вачэй маіх; я ўстрывожаны, і не магу гаварыць. 
 6  Разважаю пра дні старадаўныя, пра гады спрадвечныя. 
 7  Уначы ўзгадваю песьні мае, енчу ў сэрцы маім, і дапытываецца дух мой: 
 8  “Няўжо Госпад навекі адкінуў мяне і ня будзе больш спагадаць? 
 9  Няўжо назаўсёды канец міласэрнасьці Ягонай, і вестка з пакаленьня ў пакаленьне счэзла? 
 10  Няўжо Бог забыўся пра літасьцівасьць Сваю і спыніў ў гневе Сваім літасьць Сваю?” (Сэлях) 
 11  І сказаў я: “Гэта боль мой, што зьмянілася правіца Найвышэйшага. 
 12  Буду ўзгадваць дзеяньні ГОСПАДА; бо хачу ўзгадваць цуды Твае старадаўныя. 
 13  І буду разважаць пра ўсе справы Твае, і пра вялікія ўчынкі Твае буду апавядаць. 
 14  У сьвятасьці, Божа, шлях Твой. Які бог гэтакі вялікі, як Бог? 
 15  Ты — Бог, Які цуды робіць. Ты даў спазнаць народам моц Тваю. 
 16  Ты бараніў рамяном Тваім народ Твой, сыноў Якуба і Язэпа. (Сэлях) 
 17  Убачылі Цябе воды, Божа, убачылі Цябе воды і задрыжэлі, і затрэсьліся бяздоньні. 
 18  Лінулі з хмараў воды; выдалі голас аблокі, і лёталі стрэлы Твае. 
 19  Голас грымотаў Тваіх у віхры; маланкі сусьвет асьвятлялі; зямля трэслася і дрыжэла. 
 20  Праз мора ішоў шлях Твой, і сьцяжына Твая — праз воды вялікія, і сьлядоў Тваіх нельга пазнаць. 
 21  Ты вёў народ Твой, як авечкі, рукой Майсея і Аарона.