Мц 2
 1  Калі ж Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні валадара Ірада, прыйшлі ў Ерусалім мудрацы з усходу і кажуць: 
 2  «Дзе народжаны Валадар Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму». 
 3  Пачуўшы гэтае, Ірад валадар стрывожыўся, і ўвесь Ерусалім з ім. 
 4  І, сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народу, пытаўся ў іх, дзе павінен нарадзіцца Хрыстос. 
 5  Яны ж сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока: 
 6  “І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым ня меншы за ваяводзтвы Юды, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе пасьвіць народ Мой, Ізраіль”». 
 7  Тады Ірад, цішком паклікаўшы мудрацоў, выведаў ад іх час зьяўленьня зоркі. 
 8  І, паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Пайдзіце, добра даведайцеся пра Дзіцятка і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму». 
 9  Яны, выслухаўшы валадара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над [месцам], дзе было Дзіцятка. 
 10  Убачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасьцю вельмі вялікаю. 
 11  І, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіцятка з Марыяй, маці Ягонай, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы свае, прынесьлі Яму падарункі: золата, ладан і сьмірну. 
 12  І, меўшы ў сьне слова не варочацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў краіну сваю. 
 13  Калі ж яны адыйшлі, вось, анёл Госпадаў зьяўляецца ў сьне Язэпу і кажа: «Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную, і бяжы ў Эгіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад мае шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго». 
 14  Ён устаў уначы, узяў Дзіцятка і маці Ягоную, і пайшоў у Эгіпет. 
 15  І там быў да сьмерці Ірада, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Эгіпту паклікаў Я сына Майго». 
 16  Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы з яго пасьмяяліся, вельмі разгневаўся і паслаў забіць усіх дзяцей у Бэтлееме і ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і малодшых, паводле часу, які даведаўся ад мудрацоў. 
 17  Тады збылося сказанае праз прарока Ярэмію, які кажа: 
 18  «Голас у Раме чутны, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахель плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца, бо іх няма». 
 19  А пасьля сьмерці Ірада, вось, анёл Госпадаў у сьне зьяўляецца Язэпу ў Эгіпце 
 20  і кажа: «Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраіля, бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці». 
 21  Ён устаў, узяў Дзіцятка і маці Ягоную, і прыйшоў у зямлю Ізраіля. 
 22  А пачуўшы, што ў Юдэі пануе Архелай замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; але, атрымаўшы слова ў сьне, пайшоў у межы Галілейскія. 
 23  І, прыйшоўшы, асеў у горадзе, званым Назарэт, каб споўнілася сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.