ЭВАНГЕЛЬЛЕ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ  
 Мц 1
 1  Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давіда, Сына Абрагама: 
 2  Абрагам нарадзіў Ісаака; Ісаак нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Юду і братоў ягоных; 
 3  Юда нарадзіў Пэрэса і Зару ад Тамар; Пэрэс нарадзіў Эсрома; Эсром нарадзіў Арама; 
 4  Арам нарадзіў Амінадава; Амінадаў нарадзіў Наасона; Наасон нарадзіў Сальмона; 
 5  Сальмон нарадзіў Боаза ад Рахаў; Боаз нарадзіў Абэда ад Рут; 
 6  Абэд нарадзіў Есэя; Есэй нарадзіў Давіда валадара; Давід валадар нарадзіў Салямона ад Урыявай; 
 7  Салямон нарадзіў Рабаама; Рабаам нарадзіў Абію; Абія нарадзіў Асу; 
 8  Аса нарадзіў Ясафата; Ясафат нарадзіў Ярама; Ярам нарадзіў Озію; 
 9  Озія нарадзіў Ёатама; Ёатам нарадзіў Ахаза; Ахаз нарадзіў Эзэкію; 
 10  Эзэкія нарадзіў Манасу; Манаса нарадзіў Амона; Амон нарадзіў Ёсію; 
 11  Ёсія нарадзіў Ёакіма; Ёакім нарадзіў Ехонію і братоў ягоных перад перасяленьнем у Бабілон. 
 12  А пасьля перасяленьня ў Бабілон Ехонія нарадзіў Салятыэля; Салятыэль нарадзіў Зэрубабэля; 
 13  Зэрубабэль нарадзіў Абіюда; Абіюд нарадзіў Эліякіма; Эліякім нарадзіў Азора; 
 14  Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Эліюда; 
 15  Эліюд нарадзіў Элеазара; Элеазар нарадзіў Маттана; Маттан нарадзіў Якуба; 
 16  Якуб нарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Ісус, называны Хрыстос. 
 17  Гэтак усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; ад Давіда да перасяленьня ў Бабілон чатырнаццаць пакаленьняў; і ад перасяленьня ў Бабілон да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў. 
 18  Нараджэньне Ісуса Хрыста было вось як: па заручынах маці Яго Марыі з Язэпам, раней, чым яны зыйшліся, выявілася, што яна цяжарная ад Духа Сьвятога. 
 19  Язэп, муж ейны, будучы праведным і ня хочучы агаласіць яе, хацеў цішком адпусьціць яе. 
 20  Але, калі ён падумаў гэтае, вось, анёл Госпадаў зьявіўся яму ў-ва сьне і сказаў: «Язэп, сыне Давідаў! Ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо Тое, што нарадзілася ў ёй, ёсьць ад Духа Сьвятога. 
 21  Вось жа народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён збавіць народ Свой ад грахоў іхніх». 
 22  А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: 
 23  «Вось, Дзева прыйме ва ўлоньне і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Іммануэль, гэта значыць: З намі Бог». 
 24  Устаўшы зо-сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Госпадаў, і прыняў жонку сваю, 
 25  і не спазнаў яе, аж нарадзіла Сына свайго Першароднага, і ён даў Яму імя Ісус.