Разьдзел 9
 1  Мудрасьць пабудавала сабе дом, вычасала сем слупоў яго, 
 2  закалола тое, што было на зарэз, зьмяшала віно і прыгатавала свой стол. 
 3  Паслала служак сваіх, кліча на дзядзінцу і на вышынях гарадзкіх: 
 4  «Хто неразумны, няхай прыйдзе сюды», а да бязглуздага кажа: 
 5  «Прыходзьце, ешце хлеб мой і піце віно, якое я зьмяшала, 
 6  пакіньце дурноту і жывіце, і хадзіце шляхам розуму». 
 7  Хто павучае насьмешніка, сьцягвае на сябе прыкрасьць, а хто дакарае бязбожніка, запляміцца. 
 8  Не дакарай насьмешніка, каб ён не зьненавідзеў цябе, дакарай мудрага, і ён будзе любіць цябе. 
 9  Настаўляй мудрага, і ён стане мудрэйшы, вучы праведнага, і ён павялічыць веды. 
 10  Пачатак мудрасьці — страх ГОСПАДАЎ, і веданьне Сьвятога — розум. 
 11  Бо праз мяне памножацца дні твае і дададуцца гады жыцьця твайго. 
 12  Калі будзеш мудры, для сябе будзеш мудры, а калі станеш насьмешнікам — сам будзеш мець шкоду. 
 13  Дурнота — жанчына крыклівая, неразумная і нічога ня ведае; 
 14  сядзіць ля дзьвярэй дому свайго на пасадзе, на вышынях гарадзкіх, 
 15  каб клікаць тых, што праходзяць дарогаю, што ідуць проста сьцежкамі сваімі: 
 16  «Хто неразумны, няхай прыйдзе сюды», а да бязглуздага кажа: 
 17  «Вада крадзеная салодкая, і схаваны хлеб смачнейшы». 
 18  І ня ведае той, што там мерцьвякі, і што ў цемры адхлані запрошаныя ёю.