Разьдзел 10
 1  Прыповесьці Салямона. Мудры сын — радасьць для бацькі, а дурны сын — гора для маці. 
 2  Не прыносяць карысьці скарбы бязбожныя, а праведнасьць ратуе ад сьмерці. 
 3  Не дазволіць ГОСПАД галадаваць душы праведніка, але адкіне жаданьні бязбожнікаў. 
 4  Лянівая рука робіць бедным, а рука працавітая ўзбагачае. 
 5  Хто летам зьбірае, той сын разважлівы, а хто сьпіць у жніво — сын ганебны. 
 6  Дабраславенствы — на галаве праведнага, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць. 
 7  Памяць пра праведніка дабраслаўлёная, а імя бязбожнікаў спарахнее. 
 8  Мудры сэрцам прыймае прыказаньні, а той, хто мае вусны неразумныя, упадзе. 
 9  Хто ходзіць беззаганна, той ходзіць бясьпечна, а хто кры?віць шляхі свае, будзе выяўлены. 
 10  Хто міргае вачыма, той робіць прыкрасьць, а той, хто мае вусны неразумныя, упадзе. 
 11  Вусны праведніка — крыніца жыцьця, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць. 
 12  Нянавісьць выклікае сваркі, а любоў пакрывае ўсе правіны. 
 13  У вуснах разумнага знаходзіцца мудрасьць, а кій — на сьпіне бязглуздага. 
 14  Мудрыя захоўваюць веданьне, а вусны неразумнага вядуць да загубы. 
 15  Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, загуба для бедных — іхняя галеча. 
 16  Праца праведніка вядзе да жыцьця, набытак бязбожніка — да грэху. 
 17  На сьцежцы жыцьця той, хто прыймае настаўленьне, а хто адкідае дакараньне — блукае. 
 18  Хто хавае нянавісьць, у таго вусны хлусьлівыя, а хто паклёп разносіць, той дурань. 
 19  У мностве словаў не пазьбегнеш грэху, а хто стрымлівае вусны свае, той разважлівы. 
 20  Язык праведніка — адборнае срэбра, а сэрца бязбожніка нічога ня вартае. 
 21  Вусны праведнага пасьвяць многіх, а бязглуздыя паміраюць ад нястачы розуму. 
 22  Дабраславенства ГОСПАДАВА, яно ўзбагачае, і смутку з сабою не прыносіць. 
 23  Радасьць для дурня — учынкі ганебныя, а для чалавека разумнага — мудрасьць. 
 24  Тое, чаго баіцца бязбожнік, прыйдзе на яго, а прагненьні праведных споўняцца. 
 25  Калі пранясецца віхор, дык і ня будзе больш бязбожніка, а праведнік мае вечны падмурак. 
 26  Як воцат для зубоў і як дым для вачэй, так гультай для тых, што яго пасылаюць. 
 27  Страх ГОСПАДАЎ памнажае дні, а гады бязбожнікаў скароцяцца. 
 28  Чаканьне праведнікаў — радасьць, а спадзяваньне бязбожнікаў загіне. 
 29  Шлях ГОСПАДАЎ — апора для беззаганных і загуба для злачынцаў. 
 30  Праведнік не пахісьнецца навекі, а бязбожнікі ня будуць жыць на зямлі. 
 31  Вусны праведніка памнажаюць мудрасьць, а язык падступны будзе адсечаны. 
 32  Вусны праведніка ведаюць, што даспадобы [Богу], а вусны бязбожнікаў — падступнасьць.