Разьдзел 11
 1  Агіда для ГОСПАДА — шалі падманлівыя, а вагі дакладныя даспадобы Яму. 
 2  Прыходзіць пыхлівасьць, прыходзіць і ганьба, а ў пакорлівых — мудрасьць. 
 3  Беззаганнасьць правых вядзе іх, а крывадушнасьць здрадлівых загубіць іх. 
 4  Не дапаможа багацьце ў дзень гневу, а праведнасьць ратуе ад сьмерці. 
 5  Праведнасьць беззаганнага раўняе шлях ягоны, а бязбожнік падае праз бязбожнасьць сваю. 
 6  Праведнасьць правых ратуе іх, а ліхадзеі будуць злоўленыя злачынствам сваім. 
 7  Калі памірае чалавек бязбожны, гіне надзея [яго], і спадзяваньне злачынцаў прападае. 
 8  Праведнік ратуецца ад бяды, а бязбожнік прыходзіць на месца яго. 
 9  Крывадушнік вуснамі забівае бліжняга свайго, а праведнік ратуецца праз веданьне. 
 10  Калі добра ідзе праведным, радуецца горад, і калі гінуць бязбожнікі, сьвяткуе. 
 11  Дабраславенствам правых узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца. 
 12  Той, хто пазбаўлены розуму, пагарджае бліжнім сваім, а чалавек разумны захоўвае мір. 
 13  Хто ходзіць з абмовамі, адкрывае таямніцу, а той, хто верны духам, захоўвае слова. 
 14  Дзе няма добрай рады, народ прападае, а пры мностве дарадцаў — выратаваньне. 
 15  Шкодзіць сабе той, хто паручаецца за чужога, а хто ненавідзіць даваць руку, той бясьпечны. 
 16  Пачцівая жанчына здабывае славу, і моцныя здабываюць багацьце. 
 17  Чалавек міласэрны робіць дабро душы сваёй, а бязьлітасны нішчыць цела сваё. 
 18  Падманлівы набытак здабудзе бязбожнік, а таму, хто сее праведнасьць, будзе пэўная нагарода. 
 19  Праведнасьць [вядзе] да жыцьця, а хто імкнецца да зла, [імкнецца] да сьмерці. 
 20  Агіда для ГОСПАДА крывадушныя сэрцам, але тыя, хто ходзяць беззаганна, даспадобы Яму. 
 21  Можна паручы?цца, зло не пазьбегне пакараньня, а насеньне праведных будзе збаўленае. 
 22  Як залатое колца ў лычы сьвіньні, так прыгожая жанчына, але бяз розуму. 
 23  Прагненьне праведнікаў — толькі дабро, а чаканьне бязбожнікаў — гнеў. 
 24  Адзін сыпе [шчодра], і дадаецца яму, а другі лішне ашчадны, і бяднее. 
 25  Дабрадзейная душа будзе насычана, і хто поіць [другіх], сам напоены будзе. 
 26  Хто затрымлівае збожжа, таго праклінае народ, але дабраславенства на галаве таго, хто продае. 
 27  Хто імкнецца да дабра, той шукае зычлівасьці, а хто шукае зла, да таго яно прыйдзе. 
 28  Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе, а праведнікі, як лісьце, зелянеюць. 
 29  Хто руйнуе дом свой, атрымае ў спадчыну вецер, і неразумны будзе слугою мудрага сэрцам. 
 30  Плод праведнага — дрэва жыцьця, і мудры здабывае душы. 
 31  Вось, праведнік будзе мець адплату на зямлі, пагатоў бязбожнік і грэшнік.