Разьдзел 13
 1  Мудры сын [слухае] настаўленьне бацькі, а насьмешнік ня слухае дакараньня. 
 2  З плоду вуснаў сваіх чалавек будзе жывіцца дабром, а душа ліхадзеяў — гвалтам. 
 3  Хто захоўвае вусны свае, захоўвае душу сваю, а хто шырока адкрывае свой рот, будзе мець зьнішчэньне. 
 4  Душа гультая жадае і ня мае нічога, а душа руплівага будзе насычаная. 
 5  Праведнік ненавідзіць слова хлусьлівае, а бязбожнік ганьбіць і зьневажае [сябе]. 
 6  Праведнасьць захоўвае таго, хто беззаганны ў шляху [сваім], а бязбожнасьць губіць грэшніка. 
 7  Адзін выдае сябе за багатага, нічога ня маючы, іншы выдае сябе за беднага, маючы шмат багацьця. 
 8  Выкуп душы чалавека — багацьце ягонае, а бедны пагрозы ня чуе. 
 9  Сьвятло праведных радасна зьзяе, а сьветач бязбожнікаў стухне. 
 10  Пыхлівасьць толькі да звадкі прыводзіць, а ў тых, што парады прыймаюць, — мудрасьць. 
 11  Багацьце, [здабытае] марным чынам, змалее, а хто зьбірае яго рукою сваёю, — памнажае яго. 
 12  Спадзяваньне, якое доўжыцца, — боль сэрца, а зьдзейсьненае жаданьне — дрэва жыцьця. 
 13  Хто пагарджае Словам, той будзе зьнішчаны, а хто баіцца прыказаньняў, атрымае ўзнагароду. 
 14  Закон мудрага — крыніца жыцьця, каб пазьбегнуць пастак сьмерці. 
 15  Добры розум дае зычлівасьць, а шлях ліхадзеяў цяжкі. 
 16  Кожны разумны дзейнічае з веданьнем, а дурны выяўляе неразумнасьць. 
 17  Бязбожны пасланец трапляе ў бяду, а верны пасол — аздараўленьне. 
 18  Галеча і ганьба таму, хто адкідае настаўленьне, а той, хто прыймае дакараньні, будзе ў пашане. 
 19  Споўненае жаданьне — асалода для душы, але адвярнуцца ад зла — агіда для дурня. 
 20  Хто ходзіць з мудрым, будзе мудрым, а хто сябруе з дурнем, загалосіць. 
 21  Ліха гоніцца за грэшнікамі, а праведным будзе аднагароджана дабром. 
 22  Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшнікаў захоўваецца для праведных. 
 23  Многа хлеба і на ніве бедных, але некаторыя гінуць, бо няма суду. 
 24  Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына свайго, а хто любіць яго, той з маленства настаўляе яго. 
 25  Праведнік есьць і насычае душу сваю, а нутро бязбожнікаў будзе ў нястачы.