Разьдзел 14
 1  Мудрая жонка будуе сабе дом, а неразумная руйнуе яго сваімі рукамі. 
 2  Хто ходзіць проста, той баіцца ГОСПАДА, а хто кры?віць шляхі свае, той грэбуе Ім. 
 3  У вуснах неразумнага дубец пыхлівасьці, а вусны мудрых захоўваюць іх. 
 4  Дзе няма скаціны, там ясьлі пустыя, але багата прыбытку ад сілы вала. 
 5  Сьведка праўдзівы ня схлусіць, а сьведка фальшывы дыхае няпраўдай. 
 6  Насьмешнік шукае мудрасьці, і яе няма, але веданьне лёгкае для разумнага. 
 7  Адыйдзі ад чалавека дурнога, бо ня знойдзеш вуснаў разумных. 
 8  Мудрасьць разумнага — разуменьне шляху свайго, а неразумнасьць дурняў — ашуканства. 
 9  Неразумныя сьмяюцца з віны, а пасярод правых — зычлівасьць. 
 10  Сэрца ведае горыч душы сваёй, і ў радасьць ягоную ня ўвойдзе чужынец. 
 11  Дом бязбожнікаў будзе зьнішчаны, а намёт правых закрасуе. 
 12  Ёсьць шлях, які слушны ў вачах чалавека, але канец яго — шляхі сьмерці. 
 13  І ў часе сьмеху баліць сэрца, і заканчэньне радасьці — смутак. 
 14  Падступны сэрцам насыціцца шляхамі сваімі, а добры чалавек — сваімі. 
 15  Неразумны верыць кожнаму слову, а разумны разважае пра крокі свае. 
 16  Мудры баіцца і адварочваецца ад зла, а дурны гняўлівы і самаўпэўнены. 
 17  Скоры на гнеў робіць дурасьць, а чалавек зламысны зьненавіджаны. 
 18  Неразумныя атрымліваюць у спадчыну дурасьць, а разумныя ўкарануюцца веданьнем. 
 19  Ліхія паклоняцца перад добрымі, а бязбожнікі — каля брамаў праведнікаў. 
 20  Бедны зьненавіджаны нават бліжнім сваім, але шмат тых, хто любіць багатага. 
 21  Хто цураецца бліжняга свайго, той грашыць, а хто літуецца над бедным, той шчасьлівы. 
 22  Ці ж не заблукалі тыя, якія задумляюць зло? Але міласэрнасьць і праўда будзе тым, якія задумляюць добрае. 
 23  З кожнае працы будзе прыбытак, а ад пустых словаў — толькі нястача. 
 24  Карона мудрых — багацьце іхняе, а вянок дурняў — глупства іхняе. 
 25  Сьведка праўдзівы ратуе душы, а хлусьлівы дыхае няпраўдай. 
 26  У страху перад ГОСПАДАМ моцная пэўнасьць, і для сыноў Сваіх Ён будзе прыстанішчам. 
 27  Страх ГОСПАДАЎ — крыніца жыцьця, каб пазьбегнуць пастак сьмерці. 
 28  У мностве народу веліч валадара, а ў малалікасьці людзей — загуба князя. 
 29  У павольнага на гнеў багата розуму, а запальчывы выяўляе дурасьць. 
 30  Лагоднае сэрца — жыцьцё для цела, а зайздрасьць — парахненьне косткам. 
 31  Хто прыгнятае ўбогага, той зьневажае Творцу ягонага, але шануе Яго той, хто літуецца над бедным. 
 32  Бязбожнік будзе адкінуты за ліхоцьце сваё, а праведнік і пры сьмерці сваёй мае надзею. 
 33  У сэрцы разумнага жыве мудрасьць, і паміж дурняў яна вядомая. 
 34  Праведнасьць узвышае народ, а грэх — ганьба для народаў. 
 35  Зычлівы валадар да слугі разумнага, але абурэньне ягонае на таго, хто асаромлівае яго.