Разьдзел 18
 1  Свавольны шукае [свайго] жаданьня і кожнай цьвярозай думцы працівіцца. 
 2  Дурань ня хоча застанаўляцца, а толькі каб выявіць свой розум. 
 3  Калі прыходзіць бязбожнік, прыходзіць пагарда, і разам з сорамам — ганьба. 
 4  Словы вуснаў чалавечых — глыбокія воды, крыніца мудрасьці — бурлівы ручай. 
 5  Нядобра зважаць на аблічча бязбожнага, каб паваліць праведнага на судзе. 
 6  Словы дурня прыводзяць да спрэчкі, і вусны ягоныя выклікаюць бойку. 
 7  Вусны дурня — ягоная загуба, а мова ягоныя — пастка для душы яго. 
 8  Словы пляткара — як прысмакі, яны зыходзяць у глыб нутра. 
 9  Нядбайны ў рабоце сваёй — брат нішчыцеля. 
 10  Імя ГОСПАДА — магутная вежа, пабяжыць туды праведнік і будзе ў бясьпецы. 
 11  Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, уяўляецца яна яму як муры? высокія. 
 12  Перад загубай вывышаецца сэрца чалавека, а ўпакораньне папераджае славу. 
 13  Хто дае адказ раней, чым выслухае, той неразумны, і сорам яму. 
 14  Дух чалавека пераносіць немач сваю, але дух маркотны хто можа ўзьняць. 
 15  Сэрца разважнае набывае веды, і вуха мудрых шукае веданьня. 
 16  Падарунак чалавека дае яму прастору і да вялікіх прывядзе яго. 
 17  Першы ў спрэчцы сваёй [падаецца] справядлівым, але прыйдзе бліжні ягоны і выспрабуе яго. 
 18  Жэрабя спыняе сваркі і дзеліць між магутнымі. 
 19  Пакрыўджаны брат — як умацаваны горад, а сваркі — як завалы ў замку. 
 20  З плоду вуснаў сваіх насыціць чалавек нутро сваё, з прыбыткаў губаў сваіх насыціцца. 
 21  Сьмерць і жыцьцё ў руцэ языка; хто любіць яго, будзе есьці плады ягоныя. 
 22  Хто знайшоў жонку, той знайшоў добрае і атрымаў ласку ад ГОСПАДА. 
 23  Бедны гаворыць, умольваючы, а багаты адказвае груба. 
 24  Чалавек, які мае сяброў, сам павінен быць сяброўскі, і бывае, што сябар больш любіць, чым брат.