Разьдзел 21
 1  Сэрца валадара ў руцэ ГОСПАДА, як ручаі водаў, Ён скіроўвае яго, куды хоча. 
 2  Усе шляхі чалавека слушныя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае сэрцы. 
 3  Праведнасьць і суд даспадобы ГОСПАДУ больш, чым ахвяра. 
 4  Узьнесеныя вочы і надзьмутае сэрца — баразна бязбожных, [і гэта] грэх. 
 5  Думкі руплівага [прыносяць] прыбытак, а кожнага нецярплівага — нястачу. 
 6  Зьбіраньне скарбаў языком падманлівым — пара, што зьнікае, шуканьне сьмерці. 
 7  Злачыннасьць бязбожнікаў зьвернецца на іх, бо яны грэбуюць чыніць суд [справядлівы]. 
 8  Крывы шлях чалавека нягоднага, а справы чыстага — простыя. 
 9  Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме. 
 10  Душа бязбожніка жадае зла, ня знойдзе [ласкі] ў вачах ягоных бліжні яго. 
 11  Калі караюць насьмешніка, неразумны стаецца мудрэйшым, і калі мудрага вучаць, ён здабывае веданьне. 
 12  Разважае праведнік пра дом бязбожніка, як гінуць бязбожнікі ў ліхоцьці сваім. 
 13  Хто вушы свае затыкае на крык убогага, той сам будзе клікаць, але ня будзе адказу. 
 14  Падарунак таемны тушыць гнеў, а гасьцінец у заўлоньне — вялікую ярасьць. 
 15  Правасудзьдзе — радасьць для праведніка і загуба для злачынцаў. 
 16  Чалавек, што зьбіваецца са шляху розуму, супачы?не ў грамадзе памёршых. 
 17  Хто любіць весяліцца, будзе ў нястачы, а хто любіць віно і алей, ня будзе багатым. 
 18  Вы?купам за праведніка [будзе] бязбожнік, а за правага — ліхадзей. 
 19  Лепш жыць у зямлі пустыннай, чым з жонкай гняўлівай і сварлівай. 
 20  Прывабныя скарбы і алей у жытле мудрага, а бязглузды чалавек змарнуе іх. 
 21  Хто імкнецца да праведнасьці і міласэрнасьці, знойдзе жыцьцё, праведнасьць і славу. 
 22  Мудры ўвойдзе ў горад магутных і зрыне моц, у якой яны мелі пэўнасьць. 
 23  Хто захоўвае вусны свае і язык свой, захоўвае душу сваю ад бедаў. 
 24  Пыхлівы і дзёрзкі, называны блюзьнерам, робіць усё ў шале нахабства. 
 25  Жаданьне гультая заб’е яго, бо рукі ягоныя адмаўляюцца працаваць. 
 26  Кожны дзень ён жадае і прагне, а праведнік дае і не шкадуе. 
 27  Ахвяра бязбожнікаў — брыдота, тым больш тыя, якія складаюць яе з падступнасьцю. 
 28  Сьведка хлусьлівы згіне, а чалавек, які слухае, будзе гаварыць заўсёды. 
 29  Чалавек бязбожны ўпарты абліччам сваім, а правы разумее шлях свой. 
 30  Няма мудрасьці, і няма розуму, і няма рады насуперак ГОСПАДУ. 
 31  Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога — ад ГОСПАДА.