Разьдзел 22
 1  Лепш [добрае] імя, чым вялікія багацьці, лепш добрая слава, чым срэбра і золата. 
 2  Багаты і бедны сустракаюцца, Творца іх усіх — ГОСПАД. 
 3  Разумны бачыць зло і хаваецца, а неразумныя ідуць і будуць пакараныя. 
 4  [Нагарода] за пакору і страх перад ГОСПАДАМ — багацьце, і слава, і жыцьцё. 
 5  Церні і пасткі на шляху крывадушнага, а хто захоўвае душу сваю, той аддаляецца ад іх. 
 6  Пастаў юнака на слушны шлях, і ён ня збочыць з яго, нават калі састарэе. 
 7  Багаты пануе над бедным, і чалавек, які ўзяў пазыку, — слуга паверніка. 
 8  Хто сее беззаконьне, той будзе жаць ліха, і кій гневу ягонага будзе зьнішчаны. 
 9  Хто мае добрае вока, той будзе дабраслаўлёны, бо з хлеба свайго дае ўбогаму. 
 10  Выгані насьмешніка, і адыйдзе звадка, і суцішацца спрэчкі і абразы. 
 11  Хто любіць чыстасьць сэрца, у таго ласка на вуснах яго, і валадар з ім сябруе. 
 12  Вочы ГОСПАДА захоўваюць веданьне, Ён касуе словы ліхадзея. 
 13  Гультай кажа: «Леў на двары, пасярод плошчы буду забіты». 
 14  Вусны чужаніцы — глыбокая яма, на каго загневаўся ГОСПАД, той уваліцца туды. 
 15  Дурасьць прывязаная да сэрца юнака, але дубец настаўленьня выганіць яе. 
 16  Хто ўціскае ўбогага, каб памножыць сваё, і дае багатаму, той згалее. 
 17  Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё зьвярні да ведаў маіх, 
 18  бо цудоўна будзе, калі захаваеш іх у нутры тваім, і будуць яны таксама на вуснах тваіх, 
 19  каб пэўнасьць твая была ў ГОСПАДЗЕ, я вучу цябе сёньня. 
 20  Ці ж не пісаў я табе тройчы парады і навучаньні, 
 21  каб паведаміць табе дакладныя словы праўды, каб ты мог перадаць словы праўды тым, што паслалі цябе? 
 22  Не абдзірай убогага, таму што ён убогі, і не ўціскай прыгнечанага каля брамы, 
 23  бо ГОСПАД будзе бараніць у справе іхняй і адбярэ душу ў тых, што іх абіраюць. 
 24  Не сябруй з васпанам гняўлівым і з чалавекам нястрыманым не хадзі, 
 25  каб ты не навучыўся сьцежкам яго і не нацягнуў пятлі на душу тваю. 
 26  Ня будзь з тых, што даюць руку, што заручаюцца за даўгі. 
 27  Калі ня маеш, чым заплаціць, навошта маюць забраць з-пад цябе ложак твой? 
 28  Не перасоўвай мяжы старадаўняй, якую вызначылі бацькі твае. 
 29  Ці бачыў ты чалавека, спраўнага ў занятку сваім? Перад абліччам валадароў ён будзе стаяць, ня будзе ён стаяць перад прасьцякамі.