Разьдзел 23
 1  Калі сядзеш есьці з вялікім панам, пільна зважай, што перад табою, 
 2  і прыстаў нож да горла твайго, калі прагавітая душа твая. 
 3  Ня квапся на прысмакі ягоныя, бо гэта падманлівы хлеб. 
 4  Не намагайся мець багацьце, пакінь разважаньні свае. 
 5  Зьвернеш вочы твае на яго, а яго няма, бо справіць яно крылы сабе і паляціць, як арол, аж у неба. 
 6  Ня еш хлеб з зайздросным і ня квапся на яго прысмакі, 
 7  бо якія думкі ў сэрцы ягоным, такі і ён. «Еш і пі», — кажа ён табе, але сэрца яго не з табою. 
 8  Кавалак, які ты зьеў, званітуеш, дарэмныя будуць салодкія словы твае. 
 9  Не гавары ў вушы дурня, бо ён узгардзіць разумнымі мовамі тваімі. 
 10  Не перасоўвай мяжы старадаўняй і на поле сіротаў не ўваходзь, 
 11  бо дужы Абаронца іхні, і Ён будзе бараніць іх у справе іхняй з табою. 
 12  Зьвярні сэрца тваё да настаўленьня, і вушы твае — да словаў веданьня. 
 13  Не пакідай юнака без настаўленьня, бо калі пакараеш яго дубцом, ён не памрэ. 
 14  Ты пакараеш яго дубцом і выратуеш душу ягоную ад пекла. 
 15  Сыне мой, калі мудрым будзе сэрца тваё, будзе радавацца з табою і маё сэрца. 
 16  І будуць цешыцца ныркі мае, калі на вуснах тваіх будуць словы правасьці. 
 17  Няхай сэрца тваё не зайздросьціць грэшнікам, але кожны дзень няхай будзе яно ў страху ГОСПАДАВЫМ, 
 18  бо ёсьць будучыня, і надзея твая не загіне. 
 19  Слухай, сыне мой, і будзь мудры, і скіроўвай сэрца тваё на шлях [просты]. 
 20  Ня будзь сярод тых, што напіваюцца віна, сярод тых, што аб’ядаюцца мясам, 
 21  бо п’яніца і абжора зьбяднеюць, і заспанасьць апране ў лахманы. 
 22  Слухай бацьку твайго, які нарадзіў цябе, і не цурайся маці тваёй, калі яна састарэе. 
 23  Купляй праўду і не прадавай мудрасьці, настаўленьня і розуму. 
 24  Цешыцца і весяліцца бацька праведнага, і той, хто нарадзіў мудрага, радуецца з яго. 
 25  Няхай радуецца бацька твой, і тая, што нарадзіла цябе, няхай весяліцца. 
 26  Сыне мой, дай мне сэрца тваё, і няхай вачам тваім будуць даспадобы шляхі мае. 
 27  Бо распусьніца — яма глыбокая, і чужая [жонка] — цесны калодзеж. 
 28  Яна цікуе, быццам забойца, і памнажае ліхадзеяў паміж людзьмі. 
 29  У каго стогн? У каго гора? У каго сваркі? У каго смутак? У каго раны без прычыны? У каго чырвоныя вочы? 
 30  У тых, якія доўга сядзяць пры віне, у тых, якія прыходзяць спрабаваць віна мяшанага. 
 31  Не глядзі на віно, як яно чырванее, як прамяніцца ў келіху, як роўненька ліецца, 
 32  у рэшце яно ўкусіць, як зьмяя, і ўджаліць, як гадзіна. 
 33  Вочы твае будуць глядзець на чужых [жонак], і сэрца тваё загаворыць падступна. 
 34  І будзеш ты як той, што ляжыць пасярод мора, і як той, што ляжыць на версе мачты. 
 35  [І скажаш:] «Білі мяне, а я не адчуваў, штурхалі мяне, а я ня ведаў. Калі прачнуся, зноў буду шукаць таго самага».