Разьдзел 27
 1  Не хваліся заўтрашнім днём, бо ня ведаеш, што гэты дзень народзіць. 
 2  Няхай іншы хваліць цябе, а ня вусны твае, нехта чужы, а ня губы твае. 
 3  Камень цяжкі і пясок важкі, але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух. 
 4  Нястрымны гнеў і бязьлітасная ярасьць, але хто ўстаіць перад зайздрасьцю? 
 5  Лепш адкрытае дакараньне, чым схаваная любоў. 
 6  Раны ад таго, хто любіць, [выказваюць] вернасьць, але шматлікія пацалункі ненавісьніка. 
 7  Душа насычаная топчацца па мёдзе, а душы галоднай усё горкае салодкае. 
 8  Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так чалавек, які пакідае месца сваё. 
 9  Алей і кадзіла радуюць сэрца, а салодкасьць бліжняга — у парадзе ад душы. 
 10  Не пакідай бліжняга твайго і бліжняга бацькі твайго, і ў дом брата твайго не хадзі ў дзень няшчасьця твайго, бо лепш сусед блізка, чым брат далёка. 
 11  Будзь мудры, сыне мой, і ўзрадуй сэрца маё, каб мог я адказаць таму, хто зьневажае мяне. 
 12  Разумны бачыць зло і хаваецца, а неразумныя ідуць і будуць пакараныя. 
 13  Забяры адзеньне яго, бо ён паручы?ўся за чужога, і за чужынца вазьмі заклад ад яго. 
 14  Таму, хто рана раніцаю гучным голасам дабраслаўляе бліжняга свайго, палічаць гэта за праклён. 
 15  Няспыннае капаньне [праз дах] у дажджлівы дзень і сварлівая жонка — аднолькавыя. 
 16  Хто [спрабуе] схаваць яе, хавае вецер і пахкі алей у правай руцэ сваёй, які выдае сябе. 
 17  Жалеза жалезам вострыцца, а чалавек вострыць аблічча бліжняга свайго. 
 18  Хто даглядае дрэва фігавае, будзе есьці плады яго, а хто пільнуецца гаспадара свайго, будзе ў пашане. 
 19  Як у вадзе аблічча да аблічча, так сэрца чалавека — да чалавека. 
 20  Адхлань і пекла ненасытныя, і вочы чалавека ненасытныя. 
 21  Літавальны гаршчок для срэбра і горан для золата, а для чалавека — вусны, якія хваляць яго. 
 22  Хоць будзеш таўчы неразумнага таўкачом паміж зерня ў ступе, дурнота ягоная не адыйдзе ад яго. 
 23  Ведай добра авечак тваіх, зьвяртай сваё сэрца да статкаў тваіх, 
 24  бо багацьце ня вечнае, і ці ж дыядэма [перадаецца] з пакаленьня ў пакаленьне? 
 25  Вырастае трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць сена з гораў. 
 26  Ягняты — на вопратку табе, і казлы — плата за поле. 
 27  І досыць казінага малака на ежу табе, і на ежу дому твайму, і на жыцьцё для служак тваіх.