Разьдзел 28
 1  Бязбожнік бяжыць, хоць ніхто не перасьледуе яго, а праведнікі ўпэўненыя, як ільвы. 
 2  Дзеля правінаў зямлі шмат у ёй начальнікаў, а праз чалавека, які ведае і разважае, яна даўгавечная. 
 3  Чалавек бедны, які ўціскае ўбогіх, як залеўны дождж, [што пакідае] бяз хлеба. 
 4  Хто адступаецца ад закону, той хваліць бязбожніка, а хто захоўвае закон, паўстае супраць яго. 
 5  Ліхія людзі не разумеюць суду, а тыя, што шукаюць ГОСПАДА, разумеюць усё. 
 6  Лепш бедны, які ходзіць у беззаганнасьці сваёй, чым той, які кры?віць шляхі свае, дарма што багаты. 
 7  Сын разумны захоўвае закон, а той, хто сябруе з абжорамі, сароміць бацьку свайго. 
 8  Хто памнажае маёмасьць сваю квотай і ліхвай, той зьбірае яе для таго, хто літуецца над убогім. 
 9  Хто адварочвае вуха сваё, каб ня чуць закону, таго малітва — брыдота. 
 10  Хто схіляе правых на шлях зла, сам уваліцца ў яму сваю, а беззаганныя атрымаюць у спадчыну добрае. 
 11  Мудры ў вачах сваіх чалавек багаты, але ўбогі, які мае розум, выспрабуе яго. 
 12  Калі праведнікі перамагаюць — вялікая слава, а калі ўздымаюцца бязбожнікі, чалавек хаваецца. 
 13  Той, хто хавае свае правіны, ня будзе мець посьпеху, а хто прызнаецца і пакідае іх, дазнае міласэрнасьці. 
 14  Шчасьлівы чалавек, які мае трымценьне заўсёды, а хто робіць цьвёрдым сэрца сваё, трапіць у бяду. 
 15  Леў рыклівы і мядзьведзь бадзяжны — бязбожны пан над бедным народам. 
 16  Правадыр, пазбаўлены розуму, робіць шмат крыўды, а хто ненавідзіць хцівасьць, прадоўжыць дні свае. 
 17  Чалавек, абцяжараны крывёю душы [другога], будзе бегаць да магілы, і ніхто не падтрымае яго. 
 18  Хто ходзіць беззаганна, будзе ўратаваны, а крывадушны на шляхах [сваіх] упадзе на адным [з іх]. 
 19  Хто абрабляе сваю зямлю, насыціцца хлебам, а хто гоніцца за марнасьцю, насыціцца беднасьцю. 
 20  Чалавек верны багаты ў дабраславенствы, а хто сьпяшаецца ўзбагацець, не міне пакараньня. 
 21  Нядобра зважаць на аблічча, бо дзеля кавалку хлеба чалавек робіць беззаконьне. 
 22  Сьпяшаецца да багацьця чалавек ліхога вока і ня ведае, што нястача прыйдзе на яго. 
 23  Той, хто дакарае чалавека, знойдзе пасьля [большую] ласку, чым той, хто языком лісьлівіць. 
 24  Хто абкрадае бацьку свайго і маці сваю і кажа: «Няма тут віны», той супольнік нішчыцелю. 
 25  Душа надзьмутая ўзьнімае звадку, а хто спадзяецца на ГОСПАДА, будзе насычаны. 
 26  Хто спадзяецца на сэрца сваё, той дурань, а хто ходзіць у мудрасьці, будзе збаўлены. 
 27  Хто дае бедным, ня будзе мець нястачы, а хто хавае вочы свае, мецьме шмат праклёнаў. 
 28  Калі бязбожнікі ўздымаюцца, людзі хаваюцца, а калі яны гінуць, памнажаюцца праведнікі.