Разьдзел 30
 1  Словы Агура, сына Якэ, выслоўі, якія сказаў чалавек гэты да Ітыэля, да Ітыэля і Укаля: 
 2  Бо я найдурнейшы між людзей, і розуму чалавечага няма ў мяне, 
 3  не навучыўся я мудрасьці і ведаў сьвятых ня ведаю. 
 4  Хто ўзыходзіў на неба і зыходзіў? Хто сабраў вецер у жменю сваю? Хто зьвязаў воды ў адзежу? Хто ўмацаваў усе канцы зямлі? Якое імя яго і якое імя сына ягонага, ці ведаеш ты? 
 5  Усе словы Бога чыстыя [ад дамешкаў], Ён — шчыт для тых, што маюць у Ім надзею. 
 6  Не дадавай да словаў Ягоных, каб Ён ня выкрыў цябе і ня стаўся ты падманшчыкам. 
 7  Дзьве рэчы прашу ў Цябе, не адмаўляй мне перш, чым памру: 
 8  Марнасьць і слова хлусьлівае аддалі ад мяне, ані беднасьці, ані багацьця не давай мне, сыць мяне хлебам, вызначаным для мяне, 
 9  каб я, насыціўшыся, ня выракся Цябе і не сказаў: «Хто ГОСПАД?», або каб, зьбяднеўшы, ня стаў красьці і ганьбіць імя Бога майго. 
 10  Не ачарняй слугі перад гаспадаром ягоным, каб ён не пракляў цябе і ты ня стаўся вінаватым. 
 11  [Ёсьць] пакаленьне, якое праклінае бацьку свайго і не дабраслаўляе маці сваю, 
 12  пакаленьне, якое чыстае ў вачах сваіх, але не абмытае ад бруду свайго, 
 13  пакаленьне, у якога пыхлівыя вочы і павекі ўзьнятыя, 
 14  пакаленьне, у якога зубы — мячы, а сківіцы — нажы, каб есьці ўцісьнёных на зямлі і гаротных між людзей. 
 15  У п’яўкі дзьве дачкі: «давай» і «давай». Вось тры ненасытныя і чатыры, якія ня скажуць: «Досыць»: 
 16  адхлань і чэрава няплоднае, зямля, якая не насычаецца вадою, і агонь, які ня кажа: «Досыць». 
 17  Вока, якое зьдзекуецца з бацькі і пагарджае паслухмянасьцю маці, выдзяўбаюць груганы над ракою і зьядуць арляняты. 
 18  Вось тры [рэчы], дзіўныя для мяне, і чатырох не разумею: 
 19  шляху арла ў небе, шляху зьмяі на скале, шляху карабля сярод мора і шляху мужчыны да дзяўчыны. 
 20  Такі самы шлях жанчыны чужаложнай: зьела, абцёрла вусны свае і кажа: «Я не зрабіла благога». 
 21  Дзеля трох трасецца зямля, і чатырох яна зьнесьці ня можа: 
 22  слугі, калі ён валадарыць, бязглуздага, калі ён насычаецца хлебам, 
 23  ганебнай жанчыны, калі яна замуж выходзіць, і нявольніцы, калі яна спадкуе па гаспадыні сваёй. 
 24  Вось чатыры малыя на зямлі, але яны мудрэйшыя за мудрых: 
 25  мурашкі — народ ня моцны, але летам назапашваюць хлеб свой, 
 26  горныя мышы — народ не магутны, але стаўляюць дамы свае на скале, 
 27  няма валадара ў саранчы, але ўсе выходзяць шыхтавана, 
 28  павук лапкамі чапляецца, але вось, ён у палацы валадара. 
 29  Вось трое крочаць паважна, і чацьвёра паважна ходзяць: 
 30  леў, магутнейшы між зьвярамі, ні перад кім не саступае, 
 31  конь асядланы, і казёл, і валадар, супраць якога ніхто не паўстане. 
 32  Калі вывышаешся бяздумна або калі задумаў ліхое, [палажы] руку сваю на вусны. 
 33  Бо хто зьбівае малако, атрымае масла, і хто ўдарыць у нос, атрымае кроў, а хто выклікае гнеў, атрымае сварку.