Разьдзел 31
 1  Словы Лемуэля, валадара, выслоўі, якім навучыла яго маці ягоная. 
 2  Што, сыне мой? Што, сыне жывата майго? Што, сыне абяцаньняў маіх? 
 3  Не давай жанчынам сілы тваёй, ані шляхоў тваіх нішчыцелькам валадароў. 
 4  Не валадарам, Лемуэлю, не валадарам піць віно, і не князям — сікеру, 
 5  каб не напіліся і не забыліся яны на напісанае, і каб не скрывілі суд для ўсіх прыгнечаных. 
 6  Дайце сікеру таму, хто гіне, а віно — засмучаным душою. 
 7  Няхай вып’е такі і забудзецца на бядоту сваю, і ня памятае больш цяжару свайго. 
 8  Адчыні вусны твае дзеля нямых, дзеля абароны ўсіх сіротаў. 
 9  Адчыні вусны твае, судзі праведна, абараняй прыгнечанага і беднага. 
 10  Хто знойдзе жонку дабрадзейную? Яна даражэй за пэрліны. 
 11  Пэўнае ў ёй сэрца мужа яе, і ён не застанецца без прыбытку. 
 12  Яна дае яму дабро, а ня зло, ва ўсе дні жыцьця свайго. 
 13  Шукае яна воўну і лён, і ахвотна працуе рукамі сваімі. 
 14  Яна падобная да караблёў купецкіх, здалёк прыносіць хлеб свой. 
 15  І ўстае яна сярод ночы, і раздае ежу ў доме сваім, і належнае служкам сваім. 
 16  Падумае яна пра поле, і купляе яго, з плоду рук сваіх закладае вінаграднік. 
 17  Яна падпярэзвае моцаю сьцёгны свае і ўмацоўвае рамёны свае. 
 18  Яна адчувае, што добры занятак яе, і сьветач яе ня тухне і ўначы. 
 19  Працягвае рукі свае да кудзелі, а далоні яе трымаюць верацяно. 
 20  Далоні свае адкрывае прыгнечанаму, і руку сваю працягвае беднаму. 
 21  Не баіцца сьцюжы для дому свайго, бо ўвесь дом яе ў кармазы?н апрануты. 
 22  Дываны? яна робіць сабе, вісон і пурпур — адзеньне яе. 
 23  У брамах [гораду] вядомы муж ейны, калі сядзіць сярод старшыняў зямлі. 
 24  Робіць яна палатніну, і продае яе, і дастаўляе паясы купцам Хананейскім. 
 25  Сіла і велічнасьць — адзеньне яе, і радуецца яна дню, што прыходзіць. 
 26  Яна адкрывае вусны свае з мудрасьцю, і міласэрнае настаўленьне на языку ў яе. 
 27  Яна пільнуе шэсьце дому свайго і ня есьць хлеба гультайства. 
 28  Устаюць дзеці ейныя, і называюць шчасьлівай яе, і муж ейны хваліць яе: 
 29  «Шмат было жанчынаў дабрадзейных, але ты пераўзыйшла іх усіх!» 
 30  Прывабнасьць падманлівая і прыгажосьць марная, але жанчына, якая баіцца ГОСПАДА, годная пахвалы. 
 31  Дайце ёй з пладоў рук ейных, і няхай справы яе ў брамах [гораду] хваляць яе.