КНІГА ЭКЛЕЗІЯСТА  
 Экл 1
 1  Слова Эклезiяста, сына Давiда, валадара ў Ерусалiме. 
 2  Марнасьць марнасьцяў, сказаў Эклезiяст, марнасьць марнасьцяў, усё — марнасьць. 
 3  Якая карысьць чалавеку з усёй цяжкай працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам? 
 4  Пакаленьне адыходзiць i пакаленьне прыходзiць, а зямля на вякі трывае. 
 5  Узышло сонца, i зайшло сонца, i сьпяшаецца на месца сваё, дзе яно ўзыходзiць. 
 6  Вецер ідзе на поўдзень i паварочвае на поўнач, кружляючы, кружляе, дзьме вецер і вяртаецца вецер на кружэньне сваё. 
 7  Усе рэкi цякуць у мора, і мора не перапаўняецца; да месца, з якога рэкi цякуць, вяртаюцца яны, каб [зноў] адтуль выцякаць. 
 8  Усе словы стамляюць, ня можа чалавек выказаць [усяго]. Не насыцiцца вока гляджэньнем, i не напоўнiцца вуха слуханьнем. 
 9  Што было, тое i будзе, а што рабілася, тое i будзе рабіцца, i няма нiчога новага пад сонцам. 
 10  Бывае рэч, пра якую кажуць: “Глядзi, вось гэта новае”, але гэта было ўжо ў вяках, што былі перад намi. 
 11  Няма памяцi пра тых, што раней жылi, і таксама пра тых, што потым жыць будуць, ня будзе памяці ў тых, якія будуць пасьля іх. 
 12  Я, Эклезiяст, быў валадаром Iзраіля ў Ерусаліме. 
 13  І аддаў я сэрца маё, каб шукаць i дасьледаваць з мудрасьцю ўсё, што дзеецца пад небам. Гэты кепскі занятак даў Бог сынам чалавечым, каб былі занятыя iм. 
 14  Глядзеў я на ўсе справы, якія робяцца пад сонцам; i вось, ўсё — марнасьць i пагоня за ветрам. 
 15  Крывое ня можна зрабіць простым, і тое, чаго няма, нельга палiчыць. 
 16  Сказаў я ў сэрцы маiм, кажучы: “Вось, я ўзьвялічыўся i прыдбаў мудрасьцi больш за ўсiх, што былі раней за мяне ў Ерусалiме; і сэрца маё ўбачыла шмат мудрасьцi i веданьня”. 
 17  І аддаў я сэрца маё, каб пазнаць мудрасьць і пазнаць шаленства i глупоту; і спазнаў, што і гэта — турбаваньне духа. 
 18  Бо з вялiкай мудрасьцi шмат смутку, і хто павялiчвае веданьне, павялiчвае боль.