Экл 2
 1  Сказаў я ў сэрцы маiм: “Вось жа цяпер паспрабую радасьцi i пагляджу на тое, што добрае”, але гэта таксама марнасьць. 
 2  Пра сьмех сказаў я: “Шаленства!”, i пра радасьць: “Што яна зробіць?” 
 3  Вырашыў я ў сэрцы маiм дазволіць целу майму вiно, але каб сэрца маё кiравалася мудрасьцю, i трымацца глупоты, аж пакуль ня ўбачу, што добра для сыноў чалавечых, каб рабiць пад сонцам у палічаных днях жыцьця свайго. 
 4  Я павялічыў справы свае: пабудаваў сабе дамы i пасадзiў для сябе вiнаграднiкi, 
 5  залажыў для сябе сады і гаі, i пасадзіў у iх усялякiх дрэваў пладовых, 
 6  і зрабiў сабе сажалкі з вадою, каб абвадняць лес, у якім растуць дрэвы. 
 7  Я набыў нявольнiкаў i нявольнiц, i чэлядзь была ў мяне, таксама статкі валоў і чароды авечак былі ў мяне большыя, чым у-ва ўсіх, што былi раней за мяне ў Ерусаліме. 
 8  Я назьбiраў сабе таксама срэбра i золата, i каштоўнасьці валадароў i акругаў; завёў сьпевакоў i сьпявачак, і асалоду сыноў чалавечых, мноства наложніцаў. 
 9  I зрабiўся я вялiкшым і заможнейшым за ўсiх, якія былi раней за мяне ў Ерусалiме; а мудрасьць мая была са мною. 
 10  І ўсё, чаго жадалi вочы мае, я не адмаўляў iм, i не забараняў сэрцу свайму нiякай радасьці, бо сэрца маё радавалася з усёй цяжкай працы маёй, i гэта была доля мая ў-ва ўсёй цяжкай працы маёй. 
 11  І азірнуўся я на ўсе справы сваiе, якiя зрабiлi рукi мае, і на цяжкую працу маю, якую рабіў, працуючы, i вось, усё — марнасьць i пагоня за ветрам, і няма карысьцi з гэтага пад сонцам. 
 12  І азірнуўся я, каб паглядзець на мудрасьць, i шаленства, i глупоту, бо што можа зрабiць чалавек, які прыйдзе пасьля валадара, звыш таго, што раней рабілася. 
 13  I ўбачыў я, што з мудрасьці большая карысьць, чым з глупоты, падобна як карысьць са сьвятла большая, чым з цемры. 
 14  Мудры [мае] вочы свае ў галаве сваёй, а дурань ходзiць у цемры. І пазнаў я таксама, што тая самая доля спаткае іх усіх. 
 15  І сказаў я ў сэрцы маім: “Калi адна доля будзе для мяне i для дурня, навошта мне вялікая мудрасьць?” І сказаў я ў сэрцы маім: “Гэта таксама марнасьць”. 
 16  Бо ня будзе на вякі памяцi пра мудрага, як i пра дурня. Тое, што цяпер ёсьць, у дні наступныя ўсё забудзецца, і мудры памірае гэтак сама, як і дурань. 
 17  І зьненавідзеў я жыцьцё, бо ліхімі былі для мяне справы, што робяцца пад сонцам; бо ўсё — марнасьць i пагоня за ветрам. 
 18  І зьненавідзеў я ўсю цяжкую працу маю, якой працаваў пад сонцам, якую мушу пакiнуць чалавеку, які будзе пасьля мяне. 
 19  І хто ведае, цi мудрым ён будзе, цi неразумным? А ён будзе панаваць над [пладамі] усёй цяжкай працы маёй, дзеля якіх я працаваў i якія мудрасьцю зьбіраў пад сонцам. І гэта таксама марнасьць. 
 20  І павярнуўся я, каб адцурацца сэрцу майму ад усёй цяжкай працы, якой я працаваў пад сонцам. 
 21  Бо ёсьць так, што чалавек, які працуе з мудрасьцю, і з веданьнем, i пасьпяхова, аддае набытак свой чалавеку, які не працаваў над гэтым. І гэта таксама марнасьць i вялiкае зло. 
 22  Бо што будзе мець чалавек з усёй цяжкай працы сваёй i турбаваньняў сэрца свайго, якiмі ён спрацаваны пад сонцам? 
 23  Бо ўсе днi ягоныя — боль, і занятак ягоны — смутак, нават уначы не адпачывае сэрца ягонае. І гэта таксама марнасьць. 
 24  Няма нiчога лепшага чалавеку, як есьцi i пiць, i даваць душы сваёй [карыстацца] дабром цяжкай працы сваёй. Таксама ўбачыў я, што гэта з рукi Божай [паходзiць]. 
 25  Бо хто еў і хто пасьпяшаўся [мець усё] так, як я? 
 26  Бо чалавеку, які добры перад абліччам Ягоным, Ён дае мудрасьць, i веданьне, i радасьць, а грэшнiку дае занятак, каб зьбiраў, i назапашваў, і [потым] аддаў таму, хто добры перад абліччам Божым. І гэта таксама марнасьць і пагоня за ветрам.